Мінск 14:35

Новая Зеландыя ўключыла ў санкцыйны спіс “Алеўкурп” — беларускае прадпрыемства з сістэмы ВПК

Скрыншот галоўнай старонкі сайта прадпрыемства

20 лютага, Позірк. Новая Зеландыя з 21 лютага ўводзіць санкцыі ў дачыненні да беларускага ААТ “Алевкурп”, вынікае з абноўленага 20 лютага спісу на сайце Міністэрства замежных спраў і гандлю (МЗСГ) гэтай краіны.

Адзначаецца, што гэта прадпрыемства “звязанае з беларускім урадам або вайсковай сферай”.

Паводле інфармацыі на сайце ААТ “Алевкурп”, кампанія з 2007-га ўваходзіць у сістэму Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта. Спецыялізуецца на выкананні навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у галіне распрацоўкі, мадэрнізацыі, стварэння новых радыёлакацыйных сістэм, найноўшых тэхналогій лічбавай апрацоўкі сігналаў і інфармацыі ў рэальным маштабе часу, а таксама тэхнікі СВЧ і прамежкавай частаты.

Са спісу МЗСГ вынікае, што з 30 кастрычніка 2025 года пад санкцыямі Новай Зеландыі знаходзяцца, у прыватнасці, канцэрн “Белнафтахім” і ААТ “Нафтан”, якія Велінгтан лічыць датычнымі да расійскага незаконнага гандлю нафтай.

Да таго “беларуская частка” санкцыйнага спісу папаўнялася ў чэрвені 2025 года. Тады ў яго трапілі ААТ “Завод “Легмаш” (Орша, Віцебская вобласць) і КБ “Беспілотныя верталёты” (Мінск), а таксама іх кіраўнікі.

Цяпер пад санкцыямі Новай Зеландыі — за падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне — знаходзяцца, у прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, кіраўніцтва беларускага Міністэрства абароны, Генеральнага штаба Узброеных сіл, Дзяржкамваенпрама.

3 лістапада 2025 года Новую Зеландыю наведвала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Падзяліцца: