Мінск 23:45

МЗС Украіны рыхтуе кандыдатуры на пасаду спецпрадстаўніка па Беларусі — Зяленскі

Ілюстрацыя: прэс-служба Уладзіміра Зяленскага

27 лютага, Позірк. Міністэрства замежных спраў Украіны “рыхтуе кандыдатуры для прызначэння спецпрадстаўніка па Беларусі і беларускай супольнасці ў Еўропе — патрэбная больш актыўная палітыка”, заявіў 27 лютага ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

“Менавіта актыўнасць нашай дзяржавы, актыўнасць нашых людзей — гэта тое, што дае Украіне найлепшыя вынікі. Калі Украіна не губляе ніводнага дня і ніводнай магчымасці — інтарэсы Украіны сапраўды абароненыя”, — дадаў ён.

30 студзеня Зяленскі пацвердзіў намер, прызначыць спецпрадстаўніка па Беларусі.

“Я ўпаўнаважанага не прызначыў па Беларусі. Хачу прызначыць. Хачу сустрэцца з некалькімі дыпламатамі. Хачу моцнага чалавека на ўпаўнаважанага па Беларусі. Лічу, што гэта правільна. Трэба падтрымліваць намаганні дэмакратычных сіл Беларусі”, — заявіў 30 студзеня Зяленскі, якога цытуюць украінскія СМІ.

Пра даручэнне Зяленскага прызначыць спецпрадстаўніка па кантактах з беларускімі дэмакратычнымі сіламі раней паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

Прызначыць спецпасланніка прапанавала Зяленскаму беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, якая сустрэлася з ім 25 студзеня ў Вільнюсе ў межах мерапрыемства з нагоды гадавіны паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага супраць рускага царызму.

7 лютага 2025 года стала вядома пра адстаўку амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігара Кізіма, прызначанага на гэту пасаду ў лютым 2024 года.

Ад 16 лютага 2017 года да 22 чэрвеня 2023 года Кізім займаў пасаду ўкраінскага амбасадара ў Беларусі. Дыпламат заставаўся ў Мінску нават пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

19 красавіка 2023 года Кізім быў адкліканы ў Кіеў для кансультацый пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком т. зв. “данецкай народнай рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Украінскія ўлады назвалі візіт Пушыліна ў Мінск “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”. Кізім у Беларусь больш не вяртаўся.

Падзяліцца: