Мінск 12:31

У ЗША “вельмі добрыя стасункі” з Беларуссю, лічыць Трамп

Відэа: Right Side Broadcasting Network / стоп-кадр: "Позірк"

28 лютага, Позірк. У Злучаных Штатаў Амерыкі “вельмі добрыя стасункі” з Беларуссю, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, размаўляючы з прэсай 27 лютага ля Белага дома перад паездкай у Тэхас.

На пытанне журналіста, ці плануе ён “аднавіць сувязі з Беларуссю — Беларуссю ў Еўропе”, “аднавіць стасункі”, амерыканскі прэзідэнт адказаў: “Мы маем добрыя стасункі”.

“І лідар — гэта чалавек, да якога я адчуваю вялікую павагу. З Беларуссю мы маем вельмі добрыя стасункі. Мне вельмі падабаецца іх лідар”, — дадаў Трамп, праігнараваўшы дадатковае пытанне, ці мае ён “нейкія ўмовы” для Мінска.

Каля года таму пачаліся адносна частыя публічныя кантакты прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

12 лютага 2025 года ў выніку перагавораў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і выпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перагаворы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

15 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж Трампам і Лукашэнкам. Амерыканскі кіраўнік ляцеў на Аляску сустракацца з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным.

Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial пацвердзіў факт гутаркі з “глыбокапаважаным прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам”, назваўшы яе “выдатнай”. Паводле яго слоў, мэтай званка было выказаць Лукашэнку “падзяку за вызваленне 16 зняволеных”, маючы на ​​ўвазе палітвязняў, але не называючы іх такімі.

“Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1.300 зняволеных. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэм, уключаючы візіт прэзідэнта [Расіі Уладзіміра] Пуціна на Аляску”, — паведаміў кіраўнік Белага дома.

17 жніўня Трамп другі раз за тры дні выказаў кампліменты на адрас Лукашэнкі. У TruthSocial ён напісаў: “Дзякуй Беларусі і яе магутнаму лідару. Я спадзяюся, што 1.300 [зняволеных] таксама хутка будуць выпушчаныя”.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, былі вызвалены 11 верасня ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкам. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны (адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, вярнуўся на беларускую тэрыторыю і быў вернуты за краты; выйшаў на волю ў лютым 2026-га пасля перанесенага інсульту).

У дзень вызвалення гэтай групы Міністэрства фінансаў ЗША дазволіла частку аперацый з “Белавія”, а 4 лістапада стала вядома, што ведамства агулам зняло санкцыі ў дачыненні да беларускага авіяперавозчыка.

13 снежня 2025 года пасля перагавораў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Амерыканскі дыпламат заявіў, што ЗША на ўказанне прэзідэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.

15 снежня Упраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій” і ААТ “Беларуская калійная кампанія” (БКК).

Падзяліцца: