Мінск 18:23

Ідэолагі МУС здзейснілі “патрыятычны марш-кідок” у Дзень Канстытуцыі

Фота: "На страже"

15 сакавіка, Позірк. “Патрыятычны марш-кідок”, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі, які адзначаецца 15 сакавіка, прайшоў у каледжы МУС, паведамляе ведамаснае выданне “На страже”.

“На дыстанцыю выйшлі супрацоўнікі ідэалагічных падраздзяленняў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС, навучэнцы ведамасных спецыялізаваных ліцэяў, а таксама выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў з розных куткоў краіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што праграма святкавання Дня Канстытуцыі “насычаная і прадуманая да дробязяў”. “Пачалася яна з шырокай экскурсіі па каледжы. Будучыя вартавыя парадку пераканаліся: тут створаныя ўсе ўмовы для прафесійнага станаўлення і фізічнай загартоўкі тых, хто абраў службу радзіме”, — заяўляе міліцэйскае медыя.

“Сіла закона — у адзінстве ўсіх пакаленняў! Правядзеннем патрыятычнага марш-кідка мы шануем міліцыянтаў, якія абаранялі радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З вялікай павагай успамінаем байцоў батальёна міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава, абаронцаў Брэсцкага вакзала, подзвіг многіх-многіх іншых нашых таварышаў. Мы разам бяжым у іх гонар!” — заявіў перад марш-кідком “ад імя міністра ўнутраных спраў” начальнік упраўлення ідэалагічнай работы МУС Антон Санкевіч.

У публікацыі адзначаецца, што ўдзельнікі марш-кідка “праявілі цягавітасць і сапраўдны камандны дух”. “Гатоўнасць прадстаўнікоў розных пакаленняў ісці плячом да пляча дарагога каштуе!” — заявіла выданне.

Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе супрацоўнікі МУС і іншых сілавых ведамстваў жорстка здушвалі мірныя акцыі пратэсту. Па фактах гвалту з іх боку, зафіксаваных СМІ і грамадзянамі на шматлікіх відэа, не было распачата ніводнай справы. У той жа час за супраціў гвалту ўдзельнікаў пратэсту судзілі па крымінальных абвінавачваннях, як правіла, прыгаворваючы да пазбаўлення волі.

У 2020 годзе фіксавалася таксама гібель пратэстоўцаў ад дзеянняў сілавікоў. Адказнасць за смерць людзей ніхто не панёс.

Падзяліцца: