Ціханоўская: У беларусаў і ўкраінцаў адзіны вораг — рускі свет, рускі імперыялізм

25 сакавіка, Позірк. У беларусаў і ўкраінцаў“адзіны вораг — рускі свет, рускі імперыялізм, а таксама адна мэта — вольная дэмакратычная еўрапейская будучыня”. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская падчас анлайн-выступу на форуме “Шлях да свабоды“, які праходзіць 25 сакавіка ў Кіеве.
Палітык падкрэсліла, што беларусы з першых дзён вайны стаяць на баку ўкраінцаў: “Пратэстныя акцыі, сабатаж расійскіх войскаў, рэйкавыя партызаны, “Беларускі Гаюн”, валанцёры, “пункт нязламнасці”, добраахвотнікі, дзясяткі якіх аддалі свае жыцці за Украіну. Сёння беларуская дыяспара ахвяруе на падтрымку Украіны больш сродкаў, чым на ўласныя беларускія праекты”.
На думку Ціханоўскай, украінцы разумеюць, што “беларусы не роўна рэжым” і знаходзяцца “на баку Украіны, а не агрэсара”. Гэта дапаможа захаваць “сяброўскія стасункі паміж нашымі народамі”, лічыць яна.
“Усе мы сёння глядзім на Украіну з вялікай надзеяй — як на рэгіянальнага лідара, ад якога залежыць таксама і лёс Беларусі, — падкрэсліла Ціханоўская. — І я радая, што нашы адносіны з Украінай умацоўваюцца. На апошняй сустрэчы з прэзідэнтам [Уладзімірам] Зяленскім [25 студзеня ў Вільнюсе] мы дамовіліся аб працягу супрацоўніцтва. І спадзяюся, што ў бліжэйшы час я змагу наведаць Кіеў і выказаць нашу падтрымку асабіста. Таксама спадзяюся, што Украіна прызначыць спецпасланніка па Беларусі — гэта ўмацуе нашы двухбаковыя стасункі”.
Палітык анансавала адкрыццё найбліжэйшым часам ва ўкраінскай сталіцы офіса місіі дэмакратычных сіл. “Святлана Шаціліна, наша прадстаўніца, ужо будуе адносіны з украінскай уладай. А Вадзім Кабанчук — прадстаўнік па пытаннях бяспекі ў [Аб’яднаным пераходным] кабінеце — распрацоўвае магчымасці для ваенна-палітычнага супрацоўніцтва”, — паведаміла Ціханоўская.
“Крытычна важна”, паводле яе слоў, каб двухбаковае супрацоўніцтва было “інстытуцыялізаванае і доўгатэрміновае”. “Перад намі шмат праблем, якія трэба вырашыць. Гэта — падтрымка беларускіх вайсковых фарміраванняў ва Украіне, статус беларускіх уцекачоў, добраахвотнікаў, ветэранаў і іх сем’яў, прыцягненне да адказнасці вінаватых у вайсковых злачынствах супраць украінскіх грамадзян, а таксама ўдзел беларусаў у пасляваенным аднаўленні Украіны”, — пералічыла мэты дэмлідар.
Яна падкрэсліла, што без свабоднай, дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны, а без свабоднай Украіны — свабоднай Беларусі.
Кажучы пра дату 25 сакавіка, Ціханоўская адзначыла, што “гісторыкі сёння згаджаюцца: абвяшчэнне Украінай незалежнасці ў студзені [1918 года] стала стымулам і для абвяшчэння незалежнасці Беларусі”. “Таму сімвалічна, што мы праводзім гэты форум у Дзень Волі — дзень з’яўлення Беларусі на палітычнай карце Еўропы і свету”, — сказала яна.
25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.
У Беларусі гэтая дата афіцыйна не адзначаецца. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі пагражаюць затрыманнямі і судамі, як мінімум па адміністрацыйных абвінавачваннях. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі”, “нацысцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама Рэспубліка пазіцыянуецца як марыянеткавае ўтварэнне пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.
Святкаванне з 21 сакавіка праходзіць у Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах. Следчы камітэт Беларусі, як і ў мінулыя гады, пагражае ўдзельнікам святкавання Дня Волі за мяжой крымінальным пераследам і канфіскацыяй маёмасці на радзіме.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28–30 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — лютым аб'ём выдадзеных фізічным асобам крэдытаў паменшыўся, даўгі па пазыках выраслі — даныя НацбанкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць загінулых у ДТЗ у Мінску за год павялічылася ў 1,7 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі 10 дзён запар фіксуюцца тэмпературныя рэкорды (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка

