Мінск 23:08

Прадстаўнікі дэмакратычных краін павіншавалі беларусаў з Днём Волі

Фота: "Позірк"

26 сакавіка, Позірк. Прадстаўнікі дэмакратычных краін 25 сакавіка павіншавалі беларусаў з Днём Волі.

“Поўную салідарнасць з народам Беларусі ў яго імкненні да свабоды, годнасці і асноўных правоў“ выказаў Еўрапейскі сацыяльна-эканамічны камітэт Еўрасаюза. “Мы падтрымліваем Беларусь, яе грамадзянскую супольнасць, дэмакратычныя прафсаюзы і незалежныя СМІ ў іх працы дзеля свабоднай і дэмакратычнай Беларусі“, — адзначаецца ў заяве.

Служба знешніх сувязяў Еўрапейскага саюза (EEAS) пацвердзіла салідарнасць з народам Беларусі і запэўніла, што ЕС працягне падтрымліваць дэмакратычную, суверэнную і незалежную Беларусь.

Генеральны дырэктарат Еўрапейскай камісіі па пытаннях пашырэння і ўсходняга суседства адзначыў, што ў Дзень Волі ЕК ушаноўвае ўсіх, хто захоўвае надзею на будучыню суверэннай і дэмакратычнай Беларусі. “Мы працягнем падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю“, — заявіла структура.

Група Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапейскім парламенце падкрэсліла, што стаіць на баку народа Беларусі і працягне яго падтрымку. Таксама група верыць, што “свабодная Беларусь без дыктатара Лукашэнкі магчымая”.

“Найлепшыя пажаданні беларускім партнёрам і сябрам“, якія адзначаюць Дзень Волі, перадаў упаўнаважаны прадстаўнік міністра замежных спраў Польшчы ў супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Адам Халацыньскі. “Ваша прыхільнасць да свабоды, правоў чалавека і нацыянальнай ідэнтычнасці заслугоўвае павагі і салідарнасці. Тут, у Польшчы, мы падтрымліваем суверэнную і мірную Беларусь”, — адзначыў ён.

Дэпутат Еўрапейскага парламента з Аўстрыі Хельмут Брандштэтэр, які з’яўляецца таксама пастаянным дакладчыкам па Беларусі ў Камітэце па міжнародных справах, запэўніў у сваёй падтрымцы дэмакратычнага лідара Святлану Ціханоўскую. Ён падкрэсліў, што “дыктатар Лукашэнка не хоча незалежнасці, падпарадкаваўся Пуціну, прапанаваў сваю краіну як стартавую пляцоўку для расійскіх вайсковых злачынстваў”. Брандштэтэр таксама далучыўся да заявы групы еўрапарламентарыяў да Дня Волі.

Спецыяльны прадстаўнік Эстоніі пры дэмакратычных сілах Беларусі Кармэн Лаўс адзначыла, што яе краіна падтрымлівае “нязломны дух беларускага народа ў яго імкненні да свабоднага і дэмакратычнага грамадства“.

Член міжфракцыйнай групы Вярхоўнай Рады Украіны “За дэмакратычную Беларусь ” Аляксей Ганчарэнка заявіў, што цвёрда стаіць на баку беларускіх ваяроў з палка Кастуся Каліноўскага. Сама група заклікала да разрыву дыпламатычных стасункаў з Беларуссю.

“Швецыя цвёрда падтрымлівае беларускі народ на яго шляху да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Швецыя нязменна падтрымлівае будучую дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і”, — падкрэсліла міністр замежных спраў Швецыі Марыя Стэнергард.

Амерыканскі кангрэсмен-дэмакрат Біл Кітынг нагадаў, што ў Беларусі за кратамі несправядліва застаецца больш за 850 палітвязняў. “Беларусы працягнуць барацьбу за сваю дэмакратычную будучыню, а Злучаныя Штаты і свабодны свет працягнуць падтрымліваць іх — сёння і кожны дзень“, — запэўніў ён.

Кангрэсмен-рэспубліканец Роджэр Уікер падзякаваў спецпрадстаўніку ЗША па Беларусі Джону Коўлу за “нястомную і паспяховую працу па вызваленні палітвязняў”. “У Дзень Волі Беларусі я з нецярпеннем чакаю таго дня, калі ўсе беларускія палітвязні будуць вызваленыя і змогуць ажыццявіць сваю мару аб пабудове квітнеючай дэмакратыі“, — напісаў Уікер.

Сярод іншых віншавальнікаў — прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі і Літвы Гітанас Наўседа.

Падзяліцца: