Мінск 23:02

Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Вільнюсам і Мінскам

Архіўнае фота: “Позірк”

27 сакавіка, Позірк. Аб неабходнасці дыялогу паміж Вільнюсам і Мінскам заявіў у інтэрв’ю LRT спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл.

“Прэзідэнт Трамп і я не верым у папярэднія ўмовы. Мы верым, што трэба сесці і пагаварыць. Калі не атрымаецца — устаеш і сыходзіш. Але цяпер, спадзяюся, Літва пагодзіцца на двухбаковы дыялог на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Трэба спыніць тое, што перашкаджае жыццю па абодва бакі”, — сказаў Коўл.

Ён удакладніў, што хацеў бы бачыць сустрэчу на ўзроўні намеснікаў міністраў: “Я хацеў бы, каб яны пачалі вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць паміж імі, каб мы маглі адкрыць гандаль паміж дзвюма краінамі, адкрыць гандаль з Еўропай і Злучанымі Штатамі. Напрыклад, калійныя ўгнаенні з Беларусі павінны пастаўляцца праз Літву, і такім чынам ім адкрыецца шлях у Еўропу — аж да ЗША”.

У перамовах “нічога не даб’ешся, высоўваючы папярэднія патрабаванні, якія павінны быць выкананыя загадзя”, дадаў Коўл.

Рэагуючы на пытанне аб тым, што “Лукашэнка — злачынны дыктатар, які дазваляе Расіі атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі, і пры зносінах з ім павінны вылучацца папярэднія ўмовы”, ён заявіў: “Я ўжо год размаўляю з ім без папярэдніх умоў — і паспяхова”.

“Свет поўны добрых і дрэнных людзей. Але чым больш яны маюць зносіны, тым лепш”, — дадаў спецпасланнік.

Паводле слоў Коўла, у ЗША ёсць эканамічны інтарэс у тым, каб беларускія ўгнаенні паступалі на іх рынак: “Я размаўляў з Брук Ролінс, яна з’яўляецца міністрам сельскай гаспадаркі ЗША. Мы гэта абмяркоўвалі, і яна сказала, што для Злучаных Штатаў было б вельмі карысна, калі б мы таксама атрымлівалі гэтыя ўгнаенні”.

Коўл таксама паведаміў, што магчымы візіт Лукашэнкі ў ЗША ўсё яшчэ абмяркоўваецца. Таксама, паводое яго слоў, “шмат разоў” абмяркоўвалася пытанне запуску метэазондаў з цыгарэтамі з Беларусі ў Літву, “і гэта спынілася, гэтага больш няма, і літоўцы прызнаюць, што гэтага больш няма”. “Час ад часу ўсё яшчэ прылятае адзін-два шары, але ўжо не так, як раней. Цяпер сітуацыя пад кантролем, у адрозненне ад ранейшай”, — сказаў спікер.

Раней паведамлялася, што Коўл падчас сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам 18 сакавіка падняў пытанне аб магчымасці аднаўлення палітычнага дыялогу паміж Вільнюсам і Мінскам.

“Мой адказ быў вельмі ясны, бо мы добра ведаем гэтага суседа і канкрэтна гэтага дыктатара. Мой пасыл спадару Коўлу заключаўся ў тым, каб вельмі асцярожна трактаваць любыя крокі беларускіх уладаў, паколькі яны па сваёй прыродзе і з-за ідэнтыфікацыі з Расіяй практычна неаддзельныя ад расійскай дзяржавы”, — сказаў Наўседа.

На яго думку, Беларусь можа паспрабаваць раскалоць адзінства краін НАТО і дамагчыся разыходжанняў у палітыцы ЗША і Еўрасаюза ў дачыненні да Мінска.

“Мы нагадалі амерыканскім калегам, што рэжым санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі застаецца ў сіле, ён падоўжаны на 12 месяцаў, і, прынамсі ў гэты перыяд, няма ніякіх прававых ці іншых падстаў казаць аб адмене або змякчэнні санкцый, — падкрэсліў Наўседа. — Аналагічнай пазіцыі, паводле маіх даных, прытрымліваюцца і суседнія з Літвой дзяржавы, якія разглядаюцца як альтэрнатыўныя лагістычныя каналы для беларускіх угнаенняў”.

Нягледзячы на рашэнне ЗША аб зняцці санкцый з “Беларуськалія” пазіцыя афіцыйнага Вільнюса па гэтым пытанні застаецца ранейшай, заявіў 19 сакавіка дарадца літоўскага прэм’ер-міністра Ігнас Дабравольскас.

Ён падкрэсліў, што “рашэнні ЗША — гэта пытанне іх нацыянальнай палітыкі”. “Пазіцыя Літвы ў санкцыях супраць Беларусі не мяняецца — мы прытрымліваемся прынцыповага падыходу і выступаем за жорсткі санкцыйны рэжым”, — сказаў Дабравольскас.

Падчас візіту ў Вільнюс 18 сакавіка Коўл правёў шэраг сустрэч з літоўскімі палітыкамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам Інгай Ругінене.

19 сакавіка па выніках яго чарговых перамоваў у Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 палітвязняў. 235 ён дазволіў застацца на радзіме, 15 было вывезена ў Літву (некаторыя пасля адправіліся ў Польшчу).

26 сакавіка Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) афіцыйна зняло абмежаванні з “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК). Акрамя таго, знятыя санкцыі з украінскага “Аграсквіта” (Кіеў), даччынага прадпрыемства БКК.

У прэс-рэлізе OFAC адзначаецца, што ў адпаведнасці з генеральнай ліцэнзіяй № 14 дазволеныя аперацыі з удзелам “Белінвестбанка”, “Белінвест-інжынірынгу”, “Белбізнеслізінгу” (звязаны з калійным сектарам), а таксама арганізацыямі, у якіх яны маюць долю мінімум 50%.

Падзяліцца: