Мінск 20:59

Ціханоўская: Мы патрабуем поўнай палітычнай амністыі

Фота: "Позірк"

28 сакавіка, Позірк. Аб неабходнасці амністыі палітзняволеных у Беларусі заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас вулічнай акцыі да Дня Волі 28 сакавіка ў Варшаве.

“Мы выходзім, каб аднавіць справядлівасць, каб спыніўся тэрор. Мы патрабуем поўнай палітычнай амністыі: каб усе маглі вярнуцца дадому і ўсе ахвяры [кіроўнага рэжыму] атрымалі належную кампенсацыю”, — заявіла палітык.

“І я веру, што ўжо сёлета мы зможам пабачыць усіх на волі. Яны выйдуць — таму што мы за іх змагаемся. І нашыя амерыканскія сябры, я веру, давядуць гэту справу да канца”, — сказала Ціханоўская, маючы на ўвазе намаганні Вашынгтона па вызваленні беларускіх палітвязняў.

Дэмлідар асобна ўзгадала сярод іх Сцяпана Латыпава (праваабаронцам вядома аб яго трох спробах суіцыду. — “Позірк”.), журналістаў Анджэя Пачобута і Ігара Ільяша, дадаўшы: “Мы будзем выходзіць, пакуль кожны і кожная не апынецца на волі”.

Актыўнасць яна прысвяціла “і тым, хто не можа выходзіць [на акцыі пратэсту] у Беларусі”.

“Рэжым ператварае нашу краіну ў Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы. Але людзі [знутры краіны] мне пішуць, што таксама святкуюць: непублічна, падпольна. І таксама чакаюць моманту, калі мы зможам вярнуць сабе нашы вуліцы і гарады, — адзначыла прамоўца. — Мы не забылі 2020-ы. Мы працягваем нашу супольную, вялікую беларускую справу”.

У кантэксце пачатку расследавання Міжнародным крымінальным судом злачынстваў улады і прыцягнення вінаватых да адказнасці Ціханоўская сказала: “Мы цяпер нашмат бліжэй да гэтай мэты”.

“Я ведаю: мы не адны. З намі — увесь свабодны свет. З намі Еўропа і Амерыка. З намі Польшча, з намі Літва. Урэшце, з намі Украіна. І нішто так не натхняе, як калі прэзідэнт Украіны, якая сама ў вайне, гукае разам разам з намі: “Жыве Беларусь!” — дадала выступоўца.

Яна падзякавала “смелым беларусам Варшавы”, сваім палітычным паплечнікам і польскаму народу за салідарнасць: “Польшча <…> адваявала свабоду, а сёння — дапамагае нам. Бо палякі разумеюць: без свабоднай Беларусі — не будзе бяспечнай Польшчы”.

У шэсці і мітынгу ў цэнтры сталіцы Польшчы ўзялі ўдзел каля тысячы чалавек.

Раней правесці “поўную палітычную амністыю” ў Беларусі Ціханоўская прапанавала падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе ў лютым.

Падзяліцца: