Мінск 16:51

Пашпарт Статкевіча, які выйшаў на волю ў лютым, знайшоўся ў мінскім СІЗА № 1

Архіўнае відэа ў тэлеграм-канале Мікалая Статкевіча / стоп-кадр: "Позірк"

13 красавіка, Позірк. Дакументы былога палітвязня Мікалая Статкевіча знайшліся ў мінскім следчым ізалятары № 1.

“У мяне нарэшце атрымалася знайсці свой пашпарт, — адзначыў палітык у сваім тэлеграм-канале. — З нейкай прычыны ён апынуўся ў Мінску — у СІЗА № 1”.

Разам з пашпартам, паводле яго слоў, былі знойдзеныя і “турэмныя рэчы, сярод якіх былі “вырак” і рашэнне “апеляцыйнай інстанцыі”. “Цікавыя дакументы для будучых даследчыкаў або следчых”, — напісаў Статкевіч.

Экс-палітвязень паведаміў, што сярод іншага знайшлася таксама пастанова суда, якая забараняе яму “выязджаць за мяжу і (жах!) наведваць казіно”.

11 верасня 2025 года Мікалай Статкевіч разам з яшчэ 51 вязнем быў выпушчаны на волю ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам. Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Пасля гэтага доўгі час яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомыя.

19 лютага 2026 года жонка Статкевіча Марына Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту. Паведамлялася, што пры вызваленні палітыку не вярнулі пашпарт.

20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне вызваліць Статкевіча “на просьбу сваякоў”.

Доўгі час у няволі Статкевіч правёў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар, сама меней паўгода правёў у адзіночнай камеры.

Падзяліцца: