Анансаваны візіт Рыжанкова ў Танзанію
27 красавіка, Позірк. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў здзейсніць афіцыйны візіт у Танзанію, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.
Візіт пачнецца 28 красавіка, адзначаецца, што ў яго праграме — “сустрэчы на ўзроўні ўрада, наведванне прамысловых зон, прасоўванне буйных інфраструктурных праектаў”.
24 красавіка амбасадар Беларусі ў Кеніі Дзмітрый Красоўскі ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Танзаніі Саміі Сулуху Хасан у якасці пасла па сумяшчальніцтве.
Паведамлялася, што дыпламат перадаў кіраўніцы гэтай дзяржавы ва Усходняй Афрыцы віншаванне Аляксандра Лукашэнкі з Днём аб’яднання Танзаніі, які будзе адзначацца 26 красавіка.
“[Лукашэнка ў пасланні] падкрэсліў, што назапашаны Беларуссю досвед і перадавыя тэхналогіі ў галіне вытворчасці аграрнай тэхнікі могуць стаць ключавым фактарам у механізацыі танзанійскай сельскай гаспадаркі”, — паведамляе знешнепалітычнае ведамства.
Летась 22 ліпеня прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын на сустрэчы ў Мінску прапанаваў танзанійскаму калегу Касіму Маджаліве “ўнесці ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі“ ўсходнеафрыканскай краіны і прадставіць ёй адаптаваную сельгастэхніку. Турчын заявіў, што Мінск разглядае Танзанію як “важнага партнёра ва Усходняй Афрыцы“ і гатовы падтрымліваць краіну “ў яе імкненні да эканамічнага развіцця і росквіту”.
Прэм’ер Танзаніі ў сваю чаргу паведаміў, што ўрад гатовы аказаць садзейнічанне беларускаму бізнесу для выхаду на рынак краіны: “Нам цікавая сфера аховы здароўя, развіццё дыпламатычнага ўзаемадзеяння, а таксама эканамічная сфера. Паміж намі быў падпісаны шэраг двухбаковых пагадненняў, якія ствараюць перадумовы для развіцця кааперацыі“.
Па выніках сустрэчы, як паведамлялі дзяржСМІ, быў падпісаны шэраг пагадненняў “у дыпламатычнай, сельскагаспадарчай і адукацыйнай сферах“.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Танзаніяй устаноўленыя 23 траўня 1996 года.
Танзанія ў 4,6 раза большая за Беларусь па плошчы (945,2 тыс. кв. км супраць 207,6 тыс. кв. км) і ў 7,1 раза — па насельніцтве (65,23 млн супраць 9,13 млн). З’яўляецца адной з самых бедных краін свету.
Да 2030 года ўлады ў Мінску плануюць павялічыць экспарт тавараў і паслуг у краіны Афрыкі да 1,5 млрд долараў. Гэты паказчык змяшчаецца ў праграме дзеянняў урада па развіцці супрацоўніцтва Беларусі з афрыканскімі дзяржавамі да 2030 года.
Мэту дакумента ва ўрадзе вызначылі як “стварэнне сістэмнага механізму замацавання <…> Беларусі на афрыканскім кантыненце ў якасці надзейнага гандлёва-эканамічнага партнёра, які валодае сучаснымі і канкурэнтаздольнымі таварамі, паслугамі, тэхналогіямі і кампетэнцыямі”.
Сярод задач названа фарміраванне “эфектыўнага палітычнага, гандлёва-эканамічнага, лагістычнага і гуманітарнага інструментарыя прасоўвання інтарэсаў Беларусі“ ў Афрыцы.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



