Мінск 19:02

Вызвалены польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел

Гжэгаж Гавел падчас затрымання
Відэазапіс: КДБ / "Беларусь 1" Стоп-кадр: "Позірк"

28 красавіка, Позірк. Пра вызваленне польскага манаха-кармеліта Гжэгажа Гавела паведаміла ініцыятыва “Хрысціянская візія”.

Раней 28 красавіка паведамлялася пра вызваленне і вываз з Беларусі ў Польшчу журналіста, актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута. Ён, як і Гавел, быў у ліку асуджаных, якіх Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны вызвалілі ў рамках абмену з Беларуссю і РФ па схеме “пяць на пяць”.

Прэзідэнт Малдовы Мая Санду паведаміла пра вызваленне ў рамках згаданай схемы двух суайчыннікаў. У Беларусь перададзены расійскі археолаг Аляксандр Буцягін, арыштаваны ў Польшчы па запыце Украіны за раскопкі ў анексаваным Крыме, і былы намеснік Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандр Балан, які працаваў на беларускі КДБ.

Манах ордэна кармелітаў Гавел належыць да супольнасці манастыра кармелітаў базылікі Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кракаве.

Пра затрыманне ў Лепелі (Віцебская вобласць) грамадзяніна Польшчы, які нібыта збіраў сакрэтную інфармацыю для спецслужбаў сваёй краіны, сцвярджалася ў сюжэце дзяржаўнага тэлеканала “Беларусь 1”, які выйшаў у эфір 4 верасня 2025 года.

Паведамлялася, што супрацоўнікі КДБ затрымалі жыхара Кракава Гжэгажа Гавела 1998 года нараджэння. Нібыта той праз сацыяльныя сеткі ўсталяваў кантакт з грамадзянінам Беларусі і прапанаваў яму супрацоўніцтва ў інтарэсах польскіх спецслужбаў.

Сцвярджалася, што супрацоўніцтва заключалася ў канспіратыўным зборы і наданні закрытай інфармацыі, звестак пра камандны склад, а таксама пра супрацоўнікаў беларускай ваеннай контрразведкі. Атрыманыя даныя Гавел нібыта перадаваў польскім сілавікам.

У прыватнасці, сакрэтныя звесткі пра ваенныя аб’екты Беларусі ён збіраў для Агенцтва ўнутранай бяспекі, а за перадачу патрэбных даных абяцаў не названаму ў рэпартажы беларусу штомесячнае грашовае ўзнагароджанне.

Адзначалася, што супрацоўнікі беларускай контрразведкі затрымалі іншаземца, як толькі ён атрымаў сакрэтны дакумент: у рэпартажы была прадэманстравана раздрукоўка на 8 старонках фармату А4 па тэме беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025”.

У дачыненні да грамадзяніна Польшчы была распачата крымінальная справа паводле арт. 358 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж). Пра прысуд не паведамлялася.

Падзяліцца: