Мінск 21:46

Толькі ў чвэрці раёнаў Беларусі дазволена вольна наведваць лясы

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

1 траўня, Позірк. Толькі ў чвэрці раёнаў Беларусі — 30 з 118 — дазволена вольна наведваць лясы, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Бесперашкодна хадзіць у лясы можна ў 13 з 21 раёна Магілёўскай вобласці — Бабруйскім, Быхаўскім, Глускім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чэрыкаўскім.

Вольна наведваць лясы дазваляецца ў 10 з 21 раёна Гомельскай вобласці — Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Жлобінскім, Кармянскім, Кастрычніцкім, Рагачоўскім, Светлагорскім і Чачэрскім.

У Мінскай вобласці няма ніякіх перашкодаў для наведвання лясоў у 3 з 22 раёнаў (Капыльскі, Слуцкі, Старадарожскі), Брэсцкай — у 2 з 16 (Баранавіцкі, Ляхавіцкі), Гродзенскай — у 2 з 17 (Карэліцкі, Навагрудскі).

У той жа час у трох раёнах Гродзенскай вобласці — Бераставіцкім, Ваўкавыскім і Свіслацкім — па-ранейшаму дзейнічае забарона, якая цалкам выключае наведванне лясоў.

У астатніх 85 раёнах краіны (уключаючы ўсю Віцебскую вобласць — 21 раён) уведзеныя абмежаванні, якія азначаюць, што ў лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, аднак даступныя пешыя прагулкі і збор ягад і грыбоў.

Паводле звестак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з ранку 30 красавіка да ранку 1 траўня ў Беларусі ліквідавана два лясныя пажары (па адным у Гомельскай і Гродзенскай абласцях), абодва — сіламі Мінлясгаса. Агульная плошча пажараў склала 0,101 гектара.

Акрамя таго, патушана 25 пажараў травы і кустоў (агулам 3,399 га).

Падзяліцца: