Мінск 20:42

Вячорка: ЗША размаўляюць з Лукашэнкам за нашых палітвязняў, я веру, што ўсе могуць выйсці на волю

Фота: "Позірк"

1 траўня, Позірк. Беларускія дэмакратычныя сілы пэўным чынам уплываюць на перамоўны працэс з рэжымам Аляксандрам Лукашэнкам заявіў “Позірку” галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка 1 траўня ў Варшаве на палях V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету.

“[Злучаныя] Штаты вядуць размовы, але яны вядуць размовы за нашых людзей, за нашых палітвязняў, выцягваюць тых людзей, якія ў нашых спісах — спісах праваабаронцаў і дэмакратычных сіл. Таму наш уплыў тут непасрэдны, — адзначыў ён. — Але самі перамовы вядуць амерыканцы — [спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі] Джон Коўл, [намеснік памочніка амерыканскага дзяржсакратара] Крыс Сміт, якія дасягаюць поспехаў. Лепш за іх гэта ніхто не зробіць”.

На пытанне, чаго можна чакаць ад анансаванага на травень візіту Коўла ў Мінск, Вячорка канстатаваў, што гэта “сенсітыўная тэма”. Разам з тым ён падкрэсліў, што мэта амерыканцаў у тым, каб “выцягнуць усіх людзей з турмаў”, яны “настроеныя рашуча” і “ўпэўненыя, што ў іх усё атрымаецца”.

“Магчыма, не адным махам, але кожны візіт выцягвае людзей, — звярнуў увагу галоўны дарадца Ціханоўскай. — Калі на пачатку было немагчыма сабе ўявіць, што людзям дазволяць заставацца [ў Беларусі], апошняя хваля [вызваленняў] паказала, што гэта магчыма. Тое, што [журналісту і актывісту польскай меншасці Анджэю] Пачобуту пакінулі пашпарт, паказала, што гэта магчыма — таксама дзякуючы амерыканцам. Амерыканцы даціснулі Лукашэнку, каб Пачобут апынуўся на свабодзе. Я настроены вельмі аптымістычна, я веру, што ўсе могуць выйсці на волю”.

Пра сваю чарговую паездку ў Беларусь “праз два-тры тыдні” Коўл паведаміў на прэс-канферэнцыі 28 красавіка ў Варшаве пасля абмену, у выніку якога на волю выйшаў Пачобут. Спецпасланнік Трампа падкрэсліў, што ЗША скіраваныя на вызваленне ўсіх палітвязняў у Беларусі.

З мінулага года Лукашэнка рэгулярна сустракаецца ў Мінску з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Коўлам. Вынікам перамоў становіцца вызваленне палітвязняў (як правіла, з наступнай прымусовай высылкай з Беларусі). У адказ ЗША аслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.

Офіс Ціханоўскай просіць перамоўшчыкаў з ЗША патрабаваць ад Лукашэнкі, каб вызваленыя палітвязні мелі выбар — заставацца ці з'язджаць

1 траўня, Позірк. Перагаворы прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі — "працэс даволі закрыты і складаны", заявіла журналістам беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 1 траўня ў Варшаве на палях V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. На гэты конт …
Падзяліцца: