Мінск 12:26

Беларуская культура развіваецца, нягледзячы ні на што — Ціханоўская пра незалежную выставу ў Венецыі

Святлана Ціханоўская і Мікалай Халезін
Фота ў тэлеграм-канале беларускага палітыка

7 траўня, Позірк. Выстава Official. Unofficial. Belarus на Венецыянскай біенале, створаная камандай Беларускага свабоднага тэатра (БСТ), паказвае, што беларуская культура “жыве і развіваецца, нягледзячы ні на што”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

У сваім тэлеграм-канале палітык падзякавала ўсім, хто “даносіць праўду пра Беларусь да ўсяго свету”.

На яе думку, выстава “адкрывае свету праўду пра сучасную Беларусь: праз сімвалы цэнзуры, галасы палітвязняў, вобразы татальнага кантролю і досвед жыцця пад ціскам сістэмы”. Галоўная ідэя, якую даносіць экспазіцыя, заключаецца ў тым, што беларуская культура існуе не дзякуючы дзяржаве, а насуперак ёй, падкрэсліла дэмлідар.

“Сёння беларуская культура — гэта не толькі пра мастацтва. Гэта пра супраціў і права быць пачутымі. На Венецыянскай біенале, якая штогод прыцягвае сотні тысяч наведвальнікаў і задае глабальныя трэнды, Беларусь прадстаўленая праз цэлы павільён. Я ўражаная глыбінёй і смеласцю гэтай выставы”, — напісала Ціханоўская.

Сярод стваральнікаў беларускай экспазіцыі сузаснавальнікі і мастацкія кіраўнікі БСТ Наталля Каляда і Мікалай Халезін, куратар Даніэла Каляда, мастак Сяргей Грыневіч, кампазітар Вольга Падгайская, дызайнер Уладзімір Цэслер.

Ціханоўская назвала гэтых людзей прыкладам “сапраўднай любові да сваёй краіны і культуры”.

Беларусь удзельнічала ў Венецыянскай біенале некалькі разоў, пачынаючы з 2005 года. Тады ад краіны быў выстаўлены праект L’Insoutenable Légèreté de l’Être (“Невыносная лёгкасць быцця”) мастакоў Руслана Вашкевіча, Наталлі Залознай і Валерыя Шкарубы.

Апошні раз Беларусь была прадстаўленая на біенале ў 2019 годзе з праектам Exit скульптара Канстанціна Селіханава. Выстава даследавала тэму чалавека ў грамадстве і межаў свабоды.

Венецыянская біенале — гэта адна з самых прэстыжных і найстарэйшых міжнародных выстаў сучаснага мастацтва. Заснаванае ў 1895 годзе. Маштабная культурная падзея сярод іншага служыць пляцоўкай для дыялогу паміж рознымі народамі і культурамі.

Падзяліцца: