Мінск 19:28

На большай частцы Беларусі скасаваныя забароны і абмежаванні на наведванне лясоў

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

9 траўня, Позірк. На фоне дажджлівага надвор’я на большай частцы Беларусі скасаваныя забароны і абмежаванні на наведванне лясоў, сведчыць інтэрактыўная мапа на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Вольна хадзіць па лясах можна ў 104 са 118 раёнаў краіны.

Цалкам выключанае наведванне лясоў у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, а таксама ў адзінаццаці раёнах Гомельскай вобласці — Брагінскім, Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Лельчыцкім, Лоеўскім, Рэчыцкім, Хойніцкім і Чачэрскім.

У Ельскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці дзейнічаюць абмежаванні (у лясы нельга заязджаць на аўтамабілі і разводзіць там вогнішчы, але даступныя шпацыры ды збор ягад і грыбоў).

Як паведамляў “Позірк”, 7 траўня забарона дзейнічала ў 26 раёнах Беларусі, абмежаванні — у 65.

Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, за мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 8 траўня да 6:00 9 траўня) у Беларусі ліквідаваныя тры лясныя пажары (у Брэсцкай вобласці — адзін, Гомельскай — два) агульнай плошчай 0,9 гектара, адзін тарфяны пажар і адзін пажар травы і кустоў (1,2 га і 0,02 га адпаведна).

Падзяліцца: