У Ваўкавыскім раёне мужчына пагражаў забіць маці, узбуджаная крымінальная справа
19 траўня, Позірк. Крымінальная справа паводле арт. 186 (пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці) КК распачатая ў дачыненні да 44-гадовага жыхара Ваўкавыскага раёна. Ён пагражаў забіць 75-гадовую маці, паведамляе Генпракуратура са спасылкай на пракуратуру Гродзенскай вобласці.
Паводле матэрыялаў справы, 8 траўня 2026 года абвінавачаны падчас сваркі з маці прынёс у дом каністру з бензінам. Ён пагражаў падпаліць жанчыну, якая расцаніла дзеянні сына як рэальную пагрозу свайго жыцця.
Аднак яна не звярнулася ў міліцыю з заявай аб прыцягненні сына да крымінальнай адказнасці, “паколькі знаходзілася ў залежным ад яго становішчы“.
“Устаноўлена, што фігурант адмоўна характарызуецца па месцы жыхарства, раней судзімы, злоўжывае спіртнымі напоямі, у стане алкагольнага ап’янення праяўляе агрэсію і гвалт, ладзіць скандалы. Мужчына жыве за кошт састарэлай маці, неаднаразова прыцягваўся крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за супрацьпраўныя дзеянні ў сферы сямейна-бытавых адносін“, — гаворыцца ў рэлізе.
Акрамя таго, пракурор гэтага ж раёна распачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 154 КК (катаванне) у дачыненні да 31-гадовага мясцовага жыхара.
Устаноўлена, што падазраваны на працягу 2025-га і з пачатку 2026 года сістэматычна, будучы нецвярозым, збіваў 37-гадовую сужыцельку. Прычынай агрэсіі з’яўляліся заўвагі жанчыны аб тым, што ён нідзе не працуе, злоўжывае спіртным, адзначае пракуратура.
Пацярпелая таксама адмовілася ад напісання заявы аб прыцягненні сужыцеля да крымінальнай адказнасці. Нягледзячы на гэта, пракурор палічыў абгрунтаваным распачаць крымінальную справу без заявы пацярпелай.
Крымінальныя справы для арганізацыі папярэдняга расследавання накіраваныя ў Ваўкавыскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Як паведамлялася раней, пашырэнне падстаў для прафілактычнага ўліку асоб, якія ўчынілі хатні гвалт, прадугледжана праектам закона “аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў“, які 25 лютага прыняла ў першым чытанні Палата прадстаўнікоў.
Паводле даных МУС за 2024 год, на прафуліку было 21 тыс. чалавек, якія ўжывалі гвалт дома. Штогод у Беларусі фіксуецца каля 80 тыс. паведамленняў аб хатнім гвалце, паведамлялася па выніках года.
Паводле апытання, праведзенага ў 2023 годзе супрацоўнікамі анлайн-лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp.org пры падтрымцы Chatham House, ад розных відаў гэтага гвалту пацярпела 17,6% гараджанак, якія мелі партнёра.
У верасні 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Гендарныя перспектывы“, якое займалася праблемамі хатняга гвалту і палавой дыскрымінацыі.
9 сакавіка 2022 года Мінгарсуд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне “Радзіслава”, што дапамагала жанчынам, якія пацярпелі ад гвалту.
У Беларусі няма закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Праект адпаведнага дакумента распрацоўваўся некалькі разоў. У кастрычніку 2018 года чарговы варыянт рэзка раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы яго “дурам, узятым перш за ўсё з Захаду“.
Лукашэнка неаднаразова дапускаў дыскрымінуючыя выказванні ў адрас жанчын, маскіруючы гэта пад клопат пра іх. У прыватнасці, ён заяўляў, што беларуская Канстытуцыя напісаная “не пад жанчыну” і што жанчына не можа быць вярхоўным галоўнакамандуючым.
ДзяржСМІ замацоўваюць у прапагандысцкіх матэрыялах гендэрную няроўнасць як сацыяльную норму.


- ЭканомікаУ студзені — красавіку толькі ў Мінску, Брэсцкай і Гомельскай абласцях адзначаная станоўчая дынаміка ВРПМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаЗ канца красавіка МУС Грузіі чатыры разы паведамляла пра выправаджэнне замежнікаў, сярод якіх былі беларусыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі зарастаюць балоты, вадаёмы засяляюць чужародныя віды рыб — навуковецМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаУ Беларусі зніжаюцца тэмпы жыллёвага будаўніцтваМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСярэднясутачны паказчык міграцыйнага ціску на мяжы ЕС з Беларуссю ў траўні вышэйшы, чым у рэкордным красавікуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства

