Мінск 10:12

Выданне “Флагшток” паведаміла пра ператрусы ў бацькоў сваіх супрацоўнікаў і іх шантажы

Ілюстрацыя: Global Look Press

20 траўня, Позірк. Гомельскі незалежны сайт “Флагшток” (працуе ў выгнанні) паведаміў пра ператрусы ў бацькоў двух чалавек, якія маюць да яго дачыненне.

Паводле інфармацыі гэтага СМІ, адзін з супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС, якія праводзілі ператрусы, “адкрыта заявіў, што падобныя дзеянні будуць працягвацца да таго часу, пакуль на рэсурсе будуць выходзіць новыя публікацыі“.

“Рэдакцыя “Флагштока” разглядае гэтыя дзеянні сілавых структур у кантэксце падзей апошніх гадоў: з 2022 года Гомельская вобласць апынулася ўцягнутая ў вайсковую актыўнасць у сувязі з вайной Расіі супраць Украіны. Не выключана, што на фоне магчымай эскалацыі сітуацыі робіцца спроба загадзя зачысціць інфармацыйную прастору ад незалежных і непадкантрольных медыя“, — гаворыцца ў заяве СМІ.

13 траўня “Флагшток ” паведаміў аб фіксаванні чарговых выпадкаў парушэння паветранай прасторы Беларусі падчас масіраванай паветранай атакі Расіі на гарады Украіны.

Кантэнт інтэрнет-рэсурсаў “Флагштока” прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” ў жніўні 2022 года. 26 красавіка таго ж года Камітэт дзяржбяспекі прызнаў рэдакцыю “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Рэгіянальны навінавы сайт “Флагшток” быў створаны ў 2020 годзе на хвалі паспяховай грамадскай ініцыятывы, якая выступіла супраць будаўніцтва ў Гомелі 60-метровага флагштока за паўмільёна долараў.

Асвятляе рэзанансныя падзеі ў рэгіёне. З 2022 года “Флагшток” публікаваў інфармацыю, звязаную з перамяшчэннем па поўдні Беларусі расійскіх войскаў, якія былі задзейнічаныя ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны. Рэгулярна паведамляе пра залёт у Беларусь расійскіх беспілотнікаў.

Сістэмныя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ працягваюцца з 2020 года. Паводле падлікаў «Позірку», у спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” уключана 60 незалежных рэдакцый і іншых медыяструктур.

Падзяліцца: