Мінск 05:35

На патрабаванне Варшавы за мінулы тыдзень Польшчу добраахвотна пакінулі 22 беларусы

Ілюстрацыйнае фота: Памежная ахова Польшчы

26 траўня, Позірк. З 18 па 24 траўня каля 200 замежнікаў пакінула тэрыторыю Польшчы на ​​патрабаванне ўладаў, паведамляе Памежная ахова гэтай краіны.

Сярод іншых Польшчу добраахвотна пакінулі 22 грамадзяніны Беларусі (Украіны — 32, Калумбіі — 15).

“Сярод затрыманых замежнікаў былі, у прыватнасці, асобы, асуджаныя за захоўванне наркатычных сродкаў, неаднаразовыя крадзяжы, а таксама кіраванне механічным транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення ў перыяд дзеяння прызначанай судом забароны на кіраванне транспартнымі сродкамі, — гаворыцца ў паведамленні. — Частцы з іх былі выстаўленыя абвінавачанні у збіцці, крадзяжы з узломам, крымінальна караных пагрозах, парушэнні цялеснай недатыкальнасці, а таксама ў садзейнічанні незаконнаму перасячэнню мяжы і дапамозе ў трапленні ў Польшчу”.

З 11 па 17 траўня ў добраахвотным парадку Польшчу пакінула 20 грамадзян Беларусі, прымусова — 6; 4–10 траўня 14 і 5 адпаведна; 20–26 красавіка — 16 і 5; 13–19 красавіка — 18 і 6; 6–12 красавіка — 24 (усе — добраахвотна).

У сярэдзіне сакавіка беларуская праваабарончая ініцыятыва Dissidentby апублікавала адказ Памежнай аховы Польшчы, з якога вынікала, што за папярэднія таму моманту 2,5 месяца на патрабаванне ўладаў краіну добраахвотна ці прымусова пакінула 192 грамадзяніны Беларусі.

У 2025 годзе Памежная ахова выканала больш за 9,4 тыс. рашэнняў, якія прадпісваюць замежнікам пакінуць тэрыторыю краіны ў добраахвотным або прымусовым парадку, паведамляў раней партал onet.pl, які атрымаў адпаведныя даныя ў адказ на свой зварот у ведамства.

Грамадзян Беларусі тычылася амаль 1,3 тыс. (onet.pl апераваў прыблізнымі лічбамі), ці крыху менш за 14% усіх рашэнняў. Адзначалася, што з гэтай колькасці “каля 130” беларусаў было выслана прымусова (прыкладна 10%).

Згодна з прадстаўленымі ў матэрыяле данымі, за 2024 год (у гэтым выпадку выкарыстаныя дакладныя лічбы) з Польшчы было дэпартавана 1.377 грамадзян Беларусі, у тым ліку прымусова — 66.

Падзяліцца: