Мінск 23:59

Ціханоўская: Ёсць адчуванне, што гэты і наступны год могуць стаць вырашальнымі — для Еўропы, Украіны, Беларусі і самой дэмакратыі

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

22 чэрвеня, Позірк. Пра будучыню Беларусі і Еўропы, вайну Расіі супраць Украіны, ролю беларусаў у еўрапейскай бяспецы, а таксама пра адказнасць новага пакалення еўрапейцаў за абарону дэмакратыі гаварыла Святлана Ціханоўская 22 чэрвеня ў выступленні перад выпускнікамі Каледжа Еўропы ў Натоліне (Варшава).

Пра гэта паведаміў “Позірку” галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.

“Я маю моцнае адчуванне, што гэты і наступны год могуць стаць вырашальнымі — для Еўропы, для Украіны, для Беларусі і для самой дэмакратыі. І ўсё можа пайсці ў любы бок — у добры або ў дрэнны”, — адзначыла Ціханоўская.

Асобную ўвагу яна надала значэнню Беларусі для бяспекі рэгіёна.

“Калі мяне пытаюць, чаму Беларусь важная, я адказваю проста: паглядзіце на мапу. Беларусь — гэта тысяча кіламетраў мяжы з Еўрасаюзам, ключавая інфраструктура і адзін з цэнтральных элементаў расійскай ваеннай машыны. Але адначасова гэта і яе самае слабае звяно”, — падкрэсліла яна.

Ціханоўская заявіла, што большасць беларусаў не падтрымлівае вайну і “не падзяляе расійскіх імперскіх амбіцый”.

“Вельмі важна адрозніваць беларускае грамадства, якое адкідае вайну, ад рэжыму, які стаў саўдзельнікам Пуціна”, — дадала палітык.

Каментуючы апошнія крокі Украіны ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, Ціханоўская сказала: “Сёння Украіна размаўляе з Лукашэнкам з пазіцыі сілы. І гэта добры прыклад для Захаду: дыктатараў немагчыма задобрыць. З імі трэба гаварыць мовай рашучасці і патрабаванняў”.

Яна таксама падкрэсліла, што мэтай міжнароднай супольнасці павінна быць “не выратаванне Лукашэнкі ад [прэзідэнта Расіі Уладзіміра] Пуціна, а выратаванне Беларусі ад абодвух”.

“Наша задача — не ратаваць Лукашэнку ад Пуціна, — удакладніла яна. — Наша задача — выратаваць Беларусь і ад Лукашэнкі, і ад Пуціна. І не дазволіць дыктатарам уцягнуць Беларусь у вайну”.

Асобны блок прамовы быў прысвечаны “ўстойлівасці беларускага грамадства пасля 2020 года”, паведаміў Вячорка.

Ціханоўская, паводле яго слоў, адзначыла, што “беларускі дэмакратычны рух выкарыстоўвае ўсе магчымасці, каб прадстаўляць і абараняць інтарэсы беларусаў”.

Звяртаючыся да выпускнікоў Каледжа Еўропы, яна “заклікала іх не забываць пра Беларусь і абараняць каштоўнасці, на якіх пабудаваны Еўрапейскі саюз”.

“Памятайце: дэмакратыя — гэта не абстрактнае паняцце. Гэта каштоўнасць, якую трэба абараняць кожны дзень. Пагроза дэмакратыі ў адной краіне — гэта пагроза дэмакратыі паўсюль”, — падкрэсліла палітык.

Каледж Еўропы (College of Europe) — адна з найбольш прэстыжных еўрапейскіх устаноў вышэйшай адукацыі, якая рыхтуе спецыялістаў для працы ў інстытутах ЕС, дыпламатыі і міжнародных арганізацыях. Кампус у Натоліне (Варшава) спецыялізуецца на пытаннях Усходняй Еўропы, суседства ЕС, бяспекі і міжнародных адносін. Сярод выпускнікоў каледжа — прэм’ер-міністры, міністры, еўракамісары, дыпламаты і кіраўнікі міжнародных арганізацый.

Падзяліцца: