Мінск 20:26

М’янма зацікаўленая ў шырокай вайсковай супрацы з Беларуссю

Фота: прэс-служба Мінабароны

26 траўня, Позірк. Вайсковая супраца можа стаць каталізатарам для развіцця стасункаў Беларусі і М’янмы агулам, вынікае з заявы міністра абароны Віктара Хрэніна 26 траўня ў Мінску на сустрэчы з яго м’янманскім калегам Тун Аунгам.

“Як паказвае досвед, супраца ў вайсковай і вайскова-тэхнічнай сферах часта з’яўляецца лакаматывам развіцця двухбаковых сувязей паміж дзяржавамі ў цэлым, — цытуе чыноўніка прэс-служба Мінабароны. — Лічу, што мы на правільным шляху і ўпэўненымі крокамі ідзём наперад. Сумеснымі намаганнямі мы можам адкрыць новыя гарызонты для супрацы”.

Міністр звярнуў увагу на развіццё міжведамаснай супрацы ў сферы вайсковай адукацыі, баявой падрыхтоўкі. На яго думку, неабходна ўмацаваць узаемадзеянне “па лініі органаў ідэалагічнай працы”. Хрэнін вітаў абмен досведаў Беларусі і М’янмы ў галіне супрацьпаветранай абароны.

У сваю чаргу Тун Аунг падкрэсліў, што паміж краінамі “наладкаваная і эканамічная супраца, і супраца ў вайсковай сферы”. Ён праявіў цікавасць да “абмену досведам у сферы СПА, сувязі, вайсковай прамысловасці”, выказаў інтарэс “у накіраванні ў Беларусь вайсковых спецыялістаў для прапрацоўкі супрацы ў сферы падрыхтоўкі кадраў”.

Адзначаецца, што бакі сярод іншага закранулі пытанні эканамічнага характару.

Пра прыбыццё ў Беларусь міністра абароны М’янмы прэс-служба беларускага ваеннага ведамства паведаміла напярэдадні.

3 красавіка Лукашэнка “ад імя суайчыннікаў і сябе асабіста” павіншаваў Мін Аун Хлайна з “абраннем на пасаду прэзідэнта” краіны.

У той дзень парламент М’янмы абраў ім лідара хунты, які ўзначаліў ваенны пераварот у 2021 годзе. У выніку перавароту быў зрынуты дэмакратычна абраны ўрад дзярждарадцы Аун Сан Су Чжы (лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру); яна і прэзідэнт Він М’ін былі арыштаваныя.

Пераварот выклікаў масавыя пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну. Паводле ацэнак арганізацыі ACLED (Аrmed Conflict Location & Event Data), падчас поўнамаштабнай грамадзянскай вайны агульная колькасць загінулых магла перавысіць 90 тыс. чалавек на пачатак 2026 года.

Вынікі выбараў у М’янме не прызнаюцца апазіцыяй і дэмакратычнымі краінамі.

Падзяліцца: