Мінск 20:07

МНС праверыць сістэму апавяшчэння ў Гомелі і Гомельскім раёне

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

27 траўня, Позірк. Аб запланаванай на 28 траўня ў Гомелі і Гомельскім раёне “штомесячнай тэхнічнай праверцы электрасірэннага абсталявання з запускам электрасірэн” паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ведамства заклікала грамадзян “захоўваць спакой”.

“Ніякіх дзеянняў не патрабуецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

Аб праверках у іншых раёнах вобласці не паведамляецца. Раней яны праводзіліся на тэрыторыі Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Украінай і Расіяй, 16 красавіка, 19 сакавіка, 26 лютага і 22 студзеня.

Часцей за ўсё, двойчы на месяц, сістэму апавяшчэння правяраюць у Брэсцкай вобласці, якая мяжуе з Украінай і Польшчай. У 2026 годзе гэта адбывалася 13 і 27 студзеня, 10 і 24 лютага, 10 і 24 сакавіка, 14 і 28 красавіка, 12 і 26 траўня.

Аналагічныя праверкі ў Мінскай вобласці праводзіліся 13 траўня. і 14 студзеня.

У Віцебскай вобласці сістэму правяралі 2 снежня 2025-га, Гродзенскай — 24 верасня, Магілёўскай — 18 верасня.

У Беларусі фіксуюцца выпадкі падзення дронаў (у тым ліку ў Мінску), аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

20 лютага 2026 года камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што беларускія вайскоўцы рэгулярна ўжываюць авіяцыю і зенітныя ракетныя комплексы для знішчэння беспілотнікаў, якія залятаюць у Беларусь.

За 2025 год у краіне размініравана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы, заявіў 18 сакавіка ў інтэрв’ю прэс-службе ўнутраных войскаў (УС) МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы УС Мікалай Карпянкоў. Пра паходжанне дронаў ён не паведаміў.

Ноччу 23 сакавіка жыхары Магілёва, Мінска і раёна, а пазней Гродна паведамлялі аб гуках, падобных на дрон, які ляціць над дамамі. Афіцыйных каментароў ад уладаў не паступала. У 4:04 па мінскім часе камера відэаназірання зафіксавала выбух дрона на лёдзе возера ў Варэнскім раёне Літвы, які мяжуе з Гродзенскай вобласцю.

26 траўня дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч на пасяджэнні Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ у Маскве заявіў, што “на прыгранічных украінскіх палігонах адпрацоўваюцца пытанні прымянення ўдарных БПЛА, а таксама штурму і захопу будынкаў”.

“На гэтым фоне штодня нашымі сродкамі СПА фіксуецца рэгулярнае перасячэнне мяжы Беларусі ўкраінскімі баявымі БПЛА і іх падзенне на нашай тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы ўразіць элементы памежнай інфраструктуры, прыкрываючыся нібыта выпадковымі залётамі”, — заявіў Вальфовіч.

Паводле яго сцвярджэння, толькі за апошні тыдзень іх было 116, дзяжурныя сілы па іх ужываліся 59 разоў.

Заявы Вальфовіча ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны назвалі абсурднымі.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: