Мінск 13:17

Беларусь не абмяркоўвае стасункі з Кітаем ні з РФ, ні з ЗША, ані з Еўропай — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка і віцэ-старшыня КНР Хань Чжэн
Фота: прэс-служба беларускага палітыка

8 чэрвеня, Позірк. Стасункі Беларусі і Кітая “складаліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з намеснікам старшыні КНР Хань Чжэнам.

“У Беларусі пра Кітай вельмі шмат гавораць, — цытуе спікера яго прэс-служба. — За гэтымі размовамі, палітычнымі нашымі стасункамі быў вельмі бурны рост гандлёва-эканамічных стасункаў. І мы вельмі задаволеныя, што ў свой час Гасподзь дапамог нам зарыентавацца менавіта на Кітайскую Народную Рэспубліку”.

Паводле яго сцвярджэння, “вынікам дасягнення паміж краінамі ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства стала ўсёабдымная супраца ва ўсіх сферах”.

“Выбачайце за нясціпласць, але дазволю сабе сказаць пра тое, што Кітайская Народная Рэспубліка, кіраўніцтва рэспублікі, нават калі б і хацела нам выставіць нейкія прэтэнзіі, не змагло б. Бо мы свята выконваем усе нашы дамоўленасці. Любыя перамовы, з кім бы ні праводзілі — з расіянамі, еўрапейцамі ці амерыканцамі, — КНР заўсёды выводзіцца за дужкі. Нашыя стасункі не трапляюць нават пад абмеркаванне. <…> Вы на нас можаце разлічваць як на самых надзейных сяброў і прыхільнікаў”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Намеснік старшыні КНР пагадзіўся з тым, што стасункі паміж дзвюма краінамі “дасягнулі высокага ўзроўню — усепагоднага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства”. Ён нагадаў, што Лукашэнка і Сі Цзіньпін у 2025 годзе сустракаліся двойчы і “акрэслілі новыя грандыёзныя планы для далейшага ўмацавання двухбаковых стасункаў”.

Каментуючы падпісаную Лукашэнкам 12 траўня дырэктыву “Аб практычнам напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай”, Хань Чжэн заявіў, што ў гэтым дакуменце “вызначаныя вектары шматпланавай беларуска-кітайскай супрацы”.

“Гэта напоўніцу адлюстроўвае вашае высокае разуменне развіцця нашых стасункаў і сведчыць пра тое, што нашая супраца мае стратэгічнае значэнне”, — сказаў кітайскі госць.

Паводле інфармацыі агенцтва “Сіньхуа”, напярэдадні ў Мінску Хань Чжэн узяў удзел у форуме “Вялікі рынак для ўсіх: Экспарт у Кітай”, заклікаўшы пашырыць гандлёва-эканамічную супрацу паміж дзвюма краінамі.

Паводле слоў віцэ-старшыні КНР “цяперашняя сусветная палітычная і эканамічная сітуацыя перажывае глыбокія і складаныя змены, якія ствараюць сур’ёзныя выклікі для развіцця дзяржаў і сусветнага свабоднага гандлю”. Пры гэтым ён назваў Беларусь “адной з першых краін, якія адгукнуліся на ініцыятыву “Пояс і шлях” і актыўна ўдзельнічаюць у яе рэалізацыі”. Кітай, падкрэсліў Хань Чжэн, разглядае Беларусь як “важнага гандлёва-эканамічнага партнёра ў Еўразійскім рэгіёне”.

Госць заявіў, што КНР гатовая “ўмацоўваць з Беларуссю каардынацыю палітыкі і прамысловую супрацу, садзейнічаць развіццю гандлёвых каналаў, нарошчваць аб’ёмы гандлю, развіваць новыя формы лічбавай эканомікі і садзейнічаць эфектыўным і зручным перавозкам па маршрутах чыгуначных зносін Кітай — Еўропа, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для ўстойлівага развіцця двухбаковага гандлю”.

Віцэ-старшыня КНР заявіў пра стратэгічны характар партнёрства з Беларуссю

6 чэрвеня, Позірк. Пра стратэгічны характар партнёрства з Беларуссю заявіў віцэ-старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэн 6 чэрвеня ў Мінску на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. "Беларусь для Кітая — гэта ўсепагодны, усебаковы стратэгічны партнёр. Такіх партнёраў Кітай не меў, …

Снапкоў заявіў пра "пераасэнсаванне самой архітэктуры" супрацоўніцтва з Кітаем

7 чэрвеня, Позірк. Кітайская Народная Рэспубліка ўваходзіць у лік ключавых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі, заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў 7 чэрвеня на адкрыцці форуму "Экспарт беларускіх тавараў у Кітай", які праходзіць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры ў рамках …
Падзяліцца: