Мінск 16:50

Ціханоўская ў Сенаце Чэхіі: Беларусы — нармальная еўрапейская нацыя, якая сёння знаходзіцца ў закладніках

Архіўнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

10 чэрвеня, Позірк. У Чэхіі многія “яшчэ памятаюць, што азначала жыць пры камуністычнай дыктатуры, у акупаванай краіне, магчыма, таму чэхі так добра разумеюць беларусаў”. Пра гэта заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 10 чэрвеня перад членамі камітэта па замежных справах, абароне і бяспецы Сената — верхняй палаты парламента Чэшскай Рэспублікі.

“Чэшскі народ са сваёй гісторыі ведае, што такое змагацца за свабоду. Мы таксама чэрпаем натхненне з вашай барацьбы, з Аксамітнай рэвалюцыі і бярэм з Чэхіі прыклад. Менавіта такой мы хацелі б бачыць Беларусь: свабоднай, незалежнай, часткай еўрапейскай сям’і народаў”, — сказала палітык.

Чэхаў і беларусаў, паводое яе слоў, аб’ядноўваюць таксама “цесныя культурныя сувязі”, так павялося “яшчэ з часоў Ягелонаў і Францыска Скарыны”.

“У часы савецкай акупацыі стагоддзе таму ў Чэхаславакіі працаваў беларускі ўрад у выгнанні. З Чэхіі вяшчае беларуская рэдакцыя “Радыё Свабода”. [Экс-прэзідэнт Чэхіі, пісьменнік, драматург, змагар за правы чалавека] Вацлаў Гавел быў адным з галоўных адвакатаў беларускага пытання ў свеце”, — канстатавала Ціханоўская.

“Чэхія прыняла тысячы беларускіх студэнтаў, а пасля пачатку тэрору 2020 года прымала параненых беларусаў. І сімвалічна, што менавіта тут, у Празе, некалькі гадоў таму мы адкрылі сваю першую замежную місію, якую сёння наведаў міністр замежных спраў Чэхіі”, — дадала палітык.

Яна падзякавала чэшскаму Сенату “не толькі за падтрымку Беларусі, але перш за ўсё за падтрымку Украіны”, якая “сёння змагаецца не толькі за сябе, але і за Беларусь, і за ўсю Еўропу”.

“Імперская Расія не разглядае ні Украіну, ні Беларусь як незалежныя дзяржавы. І [прэзідэнт Расіі Уладзімір] Пуцін хацеў бы, каб Украіна была такой жа, як лукашэнкаўская Беларусь: слабой, залежнай, паслухмянай. Без Беларусі і Украіны ў Расіі не будзе шанцаў аднавіць імперыю”, — падкрэсліла дэмлідар.

Ціханоўская традыцыйна заклікала “адрозніваць беларускі народ ад рэжыму, а Беларусь ад Расіі”. Паводле яе слоў, беларусы “ніколі не мелі імперскіх амбіцый”: “Гістарычна Беларусь заўсёды была часткай еўрапейскай культурнай прасторы. Беларусы — нармальная еўрапейская нацыя, якая сёння знаходзіцца ў закладніках”.

Палітык заклікала чэшскіх сенатараў падтрымаць ініцыятывы беларускіх дэмсілаў па прыцягненні рэжыму да адказнасці. “Чэшскі Сенат ужо прыняў рэзалюцыю, прызнаўшы лукашэнкаўскія структуры, КДБ і ГУБАЗіК, тэрарыстычнымі арганізацыямі. Неабходна перавесці гэтае рашэнне на ўзровень выканаўчай улады. Мы павінны дамагацца пакарання для ўсіх злачынцаў. Чэхія можа падтрымаць расследаванне супраць Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе і ўключэнне Беларусі ў спецыяльны трыбунал па Украіне”, — заявіла Ціханоўская.

“Разам з тым, — працягнула яна, — ізалюючы Лукашэнку і Пуціна, мы павінны падтрымліваць людзей. Ваенная сіла сама па сабе не мае сэнсу без людзей, гатовых абараняць свае каштоўнасці. Я прашу Чэхію падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ, дэмакратычны рух. Я прашу падтрымаць беларусаў, якія пражываюць у Чэхіі і нават тут сутыкаюцца з транснацыянальнымі рэпрэсіямі. Яны не могуць падоўжыць дакументы і пашпарты, сваякі не могуць іх наведваць”.

“Больш віз, стажыровак, магчымасцяў для сумленных прадэмакратычных беларусаў. Адкрыйце дзверы чэшскіх навучальных устаноў для беларускай моладзі, як гэта зрабіў прэзідэнт [Чэхаславакіі Томаш] Масарык сто гадоў таму. Вядома, мы разумеем пытанні бяспекі і гатовыя дапамагаць з верыфікацыяй”, — адзначыла палітык.

Яна таксама заявіла пра важнасць падтрымкі культуры, нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і іх праеўрапейскіх настрояў. “Чэхія магла б падтрымаць культурныя праграмы і ініцыятывы, рэзідэнцыі для творцаў, пісьменнікаў, мастакоў, навуковыя даследаванні, у тым ліку нашай агульнай гістарычнай спадчыны. Наша задача — супрацьстаяць “рускаму свету“ і распаўсюджваць еўрапейскія каштоўнасці”, — рэзюмавала дэмлідар.

Ціханоўская наведвае Прагу 10–11 чэрвеня.

Чэхія анансавала спрашчэнне выдачы віз сваякам беларусаў, якія пражываюць у краіне — прэс-служба Ціханоўскай

10 чэрвеня, Позірк. Аб сумесным наведванні дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай і міністрам замежных спраў Чэхіі Пятром Мацынкай Місіі дэмакратычных сіл у Празе паведаміла прэс-служба беларускага палітыка. Адзначаецца, што правядзенне сустрэчы ў місіі стала “асаблівым жэстам падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і …
Падзяліцца: