Мінск 15:14

Армянскія праваабаронцы працуюць над вызваленнем затрыманага ў Ерэване беларускага актывіста Клімуса

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 15 чэрвеня 2026 года ў 14:05

15 чэрвеня, Позірк. Армянскія праваабаронцы працуюць над вызваленнем затрыманага ў аэрапорце Ерэвана беларускага актывіста Віктара Клімуса, паведаміў Позірку кіраўнік ванадзорскага офіса Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі (ХГА) Артур Сакунц.

Паводле яго слоў, зараз Клімус чакае рашэння аб меры стрымання, ёсць надзея, што за кратамі ён правядзе не больш за 72 гадзіны.

Як адзначыў Сакунц, інфармацыю аб затрыманні беларуса ХГА атрымала ад прадстаўнікоў офіса Святланы Ціханоўскай. Пытаннем прававой падтрымкі Клімуса займаецца юрыст Ані Чацінян.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, Клімус быў затрыманы 15 чэрвеня ў Ерэване пасля прылёту з Польшчы. У Арменію ён прыбыў “з працоўным візітам”. Армянскія памежнікі заявілі, што імя актывіста ўнесенае ў міжнародную базу вышуку. Вызваленнем Клімуса займаюцца таксама беларускія юрысты і дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Клімус вядомы як кіраўнік брэсцкага культурнага цэнтра “Грунтоўня”. У канцы 2020 года ў яго кватэры прайшоў ператрус. Пазней актывіст паведамляў, што знаходзіцца ў вышуку ў рамках “карагоднай справы“ (пратэстоўцы вадзілі карагод у цэнтры Брэста). На пачатку 2021 года Клімус пакінуў Беларусь.

У Беларусі і Арменіі адзіная база міждзяржаўная база вышуку ў рамках СНД, таму апаненты беларускіх уладаў, якія ўязджаюць на армянскую тэрыторыю (напрыклад, з Грузіі, каб зрабіць “візаран“ — абнуліць тэрмін бесперапыннага знаходжання, які не можа перавышаць аднаго года), знаходзяцца ў зоне рызыкі. Праеўрапейскія ўлады Арменіі не выдаюць актывістаў на запыты Мінска.

Апошні вядомы выпадак: затрыманне 3 траўня актывіста на наземнай мяжы Арменіі і Грузіі. Ён быў вызвалены праз 12 гадзін і 1 чэрвеня, пасля афармлення неабходных дакументаў на выезд, пакінуў краіну.

Падзяліцца: