Мінск 15:59

Жыхар Нароўлі асуджаны за лоўлю рыбы забароненым спосабам у забруджанай радыёнуклідамі зоне

Фота: Хойніцкі раённы аддзел Следчага камітэта

30 чэрвеня, Позірк. Жыхар Нароўлі (Гомельская вобласць) на падставе рашэння суда Хойніцкага раёна прыгавораны да 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 2 арт. 281 КК (незаконная здабыча рыбы, якая прывяла да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры).

Згодна са звесткамі Генеральнай пракуратуры, якая спасылаецца на службу інфармацыі абласной пракуратуры, суд таксама прызначыў мужчыну прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму па месцы жыхарства.

Паводле матэрыялаў справы, “раней судзімы за маёмаснае злачынства абвінавачваны ў сакавіку 2025 года, без працы, увечары трапіў на тэрыторыю Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка”. Мужчына апынуўся ў зоне кантрольна-прапускнога рэжыму, якая зазнала радыеактыўнае забруджванне ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

На возеры Рэчышча “забароненым спосабам у забароненыя тэрміны” ён вылавіў 15 асобін шчупака, 24 — рачнога акуня і 7 — плоткі. У якасці “прыладаў здзяйснення злачынства выкарыстаў 8 жэрліц з 8-ю кручкамі, 4 вуды з аснашчанымі шпулькамі, лёскай і рыбалоўнымі павадкамі з 4-ма кручкамі”.

Памер шкоды, нанесенай супрацьпраўнымі дзеяннямі абвінавачанага, склаў больш за 9,5 тыс. рублёў, што з’яўляецца буйным памерам.

Незаконна здабытая рыба “канфіскаваная на месцы злачынства”. Нанесеную шкоду навакольнаму асяроддзю мужчына кампенсаваў у поўным аб’ёме.

Падзяліцца: