Мінск 16:53

Рэзкага попыту на беларускае паліва з боку спажыўцоў у РФ няма, сцвярджае “Белнафтахім”

Ілюстрацыйнае фота: diena.lv

9 ліпеня, Позірк. Рэзкага попыту на беларускае аўтамабільнае паліва з боку расійскіх спажыўцоў цяпер няма, заявіў намеснік старшыні канцэрна “Белнафтахім” Уладзімір Сізоў.

“Я пастаянна ў кантакце з кіраўнікамі на месцах, цікаўлюся, ці маюцца нейкія праблемы з чэргамі на аўтазаправачных станцыях. Фактаў наяўнасці ажыятажнага попыту, які быў бы не характэрны для цяперашняга перыяду, не назіраецца”, — прыводзяць яго словы дзяржаўныя СМІ.

Сізоў сцвярджае, што ў Беларусі не назіраецца таксама росту колькасці спажыўцоў з Расіі, але ў прыгранічных з РФ раёнах “маецца некаторае павелічэнне спажывання паліва”.

“Але гэта не правакуе цяжкасцяў, звязаных з чэргамі на заправачных станцыях, калі збіраецца вялікая колькасць аўтамабіляў. Нехарактэрнага павелічэння, якое нейкім чынам паўплывала б на абслугоўванне беларускіх спажыўцоў, мы не заўважаем”, — сказаў прадстаўнік канцэрна.

Сізоў звярнуў увагу, што ўлетку, у перыяд адпачынкаў і правядзення сельскагаспадарчых работ, аб’ём спажывання паліва на аўтазаправачных станцыях традыцыйна ўзрастае.

“Мы да гэтага перыяду заўсёды гатовыя, — заявіў ён. — Праз сітуацыю, якая цяпер складваецца, на аўтазаправачных станцыях падвышаны попыт. Але мы дастаткова лёгка даем рады”.

Пры гэтым, паводле слоў спікера, сітуацыя з забеспячэннем унутранага рынку стабільная. “Мы цалкам забяспечаныя неабходнай колькасцю нафтапрадуктаў. Сітуацыя на запраўках спакойная, мы гэта бачым. Нейкага ажыятажу і чэргаў, не характэрных для цяперашняга перыяду года або дня тыдня, няма”, — сцвярджае Сізоў.

Акрамя таго, адзначыў ён, у Беларусі не чакаецца рэзкай змены кошту аўтамабільнага паліва, бо “ў краіне праводзіцца ўзважаная палітыка па карэктаванні цэн”. Спікер заявіў, што “перапынення паставак, дэфіцыту паліва, нейкіх нехарактэрных сітуацый з чэргамі на заправачных станцыях у цяперашняй сітуацыі быць не можа”.

З 8 ліпеня рознічныя цэны на маторнае паліва на беларускіх аўтазаправачных станцыях падвышаныя на 1 капейку (літр бензіну АІ-92 каштуе 2,59 рубля, АІ-95 — 2,69, АІ-98 — 2,91, ДП — 2,69).

На працягу апошніх тыдняў Украіна наносіць амаль штодзённыя ўдары па расійскіх аб’ектах нафтаперапрацоўкі і захоўвання нафтапрадуктаў, што прывяло да дэфіцыту паліва ў Расіі. У многіх гарадах Расіі людзі гадзінамі стаяць у чарзе, каб заправіць машыны.

5 ліпеня расійскае выданне “Ведомости” са спасылкай на даныя Цэнтра цэнавых індэксаў РФ, паведаміла, што 1–25 чэрвеня Беларусь паставіла ў Расію рэкордныя 141 тыс. тон паліва — у 2,4 раза больш, чым у траўні. Падкрэслівалася, што ў чэрвені 2025 года аб’ём імпарту бензіну з Беларусі склаў усяго 1 тыс. тон.

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, каментуючы кадры з чэргамі аўтамабіляў на расійскіх АЗС, а таксама на мяжы Расіі і Беларусі, адзначыла: беларускае паліва не мае закрываць для Расіі праблемы, якія Крэмль стварыў сваёй вайной з Украінай.

Падзяліцца: