Мінск 10:40

У Брэсцкай вобласці чарговы раз правераць сістэму апавяшчэння насельніцтва

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

14 ліпеня, Позірк. Пра чарговую “планавую тэхнічную праверку” сістэмы апавяшчэння насельніцтва ў Брэсцкай вобласці паведаміла прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праверка пройдзе 14 ліпеня з 12:00 да 13:00, падчас яе “будуць уключацца электрасірэны, пройдзе перахоп УКХ-FM вяшчання на тэрыторыі вобласці”. Грамадзян традыцыйна просяць захоўваць спакой.

Брэсцкая вобласць, якая мяжуе з Украінай і Польшчай, захоўвае лідарства ў колькасці праверак сістэмы апавяшчэння, што праводзяцца ў 2026 годзе, хоць з чэрвеня тэставанне стала праходзіць не два, а адзін раз на месяц. Сёлета сістэму выпрабоўвалі 13 і 27 студзеня, 10 і 24 лютага, 10 і 24 сакавіка, 14 і 28 красавіка, 12 і 26 траўня і 9 чэрвеня.

У Гомельскай вобласці, якая мяжуе з Расіяй і Украінай, наступная штомесячная праверка запланаваная на 16 ліпеня. Раней яна праводзілася 22 студзеня, 26 лютага, 19 сакавіка, 16 красавіка, 28 траўня і 18 чэрвеня.

У астатніх рэгіёнах сістэма выпрабоўваецца значна радзей. 26 сакавіка была праведзеная яе агульнарэспубліканская праверка.

У Беларусі фіксуюцца выпадкі залёту і падзення дронаў, аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывуецца сістэма апавяшчэння, няма.

Падзяліцца: