Мінск 10:32

Еўракамісія адсочыць доступ спартыўных федэрацый да фінансавых фондаў ЕC пасля зняцця санкцый з РФ і Беларусі

Ілюстрацыя: pixabay.com

Ілюстрацыя: pixabay.com

17 ліпеня, Позірк. Еўрапейская камісія абвясціла, што адсочыць доступ спартыўных федэрацый да фінансавых фондаў Еўрасаюза, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Еўракамісіі Ганны-Кайсы Ітканен, паведамляе Inside the Games.

Гэта адбылося пасля таго, як дзевяць краін заклікалі пазбавіць Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і шэраг іншых арганізацый падтрымкі за зняцце спартыўных санкцый з Расіі і Беларусі.

“Еўрапейская камісія ніякім чынам не фінансуе Міжнародны алімпійскі камітэт. У іх няма доступу ні да адной з нашых крыніц фінансавання. Гэта вельмі важна”, — падкрэсліла Ітканен.

Паводле яе слоў, пазбавіць алімпійскі камітэт гранта ЕС немагчыма, бо падобных фінансавых стасункаў проста не існуе.

З улікам гэтага размежавання ў рамках праверкі Еўракамісіяй плануецца вызначыць, якія менавіта федэрацыі і спартыўныя асацыяцыі маюць доступ да еўрапейскіх праграм фінансавання. Ітканен патлумачыла, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт з’яўляецца асобнай ад МАК структурай, астатнія арганізацыі таксама незалежныя, таму нельга аўтаматычна заяўляць аб атрыманні імі фінансавання ад ЕС.

Ітканен паведаміла, што камісія пакуль не ведае дакладнага пераліку арганізацый, якія маюць права на фінансаванне, і праграм, праз якія яно можа ажыццяўляцца.

Эстонія, Данія, Літва, Латвія, Літва, Нідэрланды, Польшча, Румынія, Фінляндыя і Швецыя накіравалі еўрапейскаму камісару па пытаннях спорту Глену Мікалефу прапанову выключыць з праграм абмену Erasmus+ і іншых мер падтрымкі Еўрапейскага саюза МАК і астатнія спартыўныя арганізацыі, якія дапускаюць вяртанне Расіі і Беларусі на міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны сумесна з Міністэрствам моладзі і спорту краіны і нацыянальнымі спартыўнымі федэрацыямі на працягу мая і чэрвеня 2026 года накіраваў у міжнародныя федэрацыі 30 афіцыйных лістоў з просьбай не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі пад дзяржаўнымі сцягамі, гімнамі і іншай афіцыйнай сімволікай.

28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям у тыпах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

7 ліпеня 2026 года МАК зняў усе абмежаванні з Расіі і аднавіў у правах краінавы алімпійскі камітэт. За два месяцы да гэтага, 7 траўня, выканкам МАК заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”.

Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, гандболе, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Падзяліцца: