У дачыненні да пацыента псіхіятрычнай бальніцы ў Гродне распачатая крымінальная справа за падпал

20 ліпеня, Позірк. У дачыненні да пацыента Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя — наркалогія” распачатая крымінальная справа за падпал у гэтай медустанове (ч. 2 арт. 218 КК — “наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам”), паведаміла 20 ліпеня прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле інфармацыі ведамства, ачаг пажару, які здарыўся 19 ліпеня каля 3:35, знаходзіўся непасрэдна на адным з бальнічных ложкаў.
Сцвярджаецца, што “пацыент аддзялення пранёс у палату крыніцу адкрытага агню (меркавана запалкі) і падпаліў матрац, што прывяло да імгненнага распаўсюду полымя і моцнага задымлення памяшкання”.
Паводле звестак СК, шэсць пацыентаў “шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне з тэрмічнымі апёкамі цела, дыхальных шляхоў, галавы, верхніх і ніжніх канечнасцяў (ад 20% да 40%), а таксама атручэннем прадуктамі гарэння”.
Раней 20 ліпеня в.а. загадчыка апёкавага аддзялення Гродзенскай абласной бальніцы хуткай меддапамогі (БХМД) Аляксандр Архуціч паведаміў, што ў шасцярых пацярпелых абпалена ад 30 да 60% паверхні цела. Яны таксама атрымалі тэрмаінгаляцыйную траўму і знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Урач канстатаваў, што прагназаваць іх стан немагчыма, бо “апёкавая хвароба непрадказальная”.
Паводле яго слоў, пацыенты размешчаныя ў аддзяленні рэанімацыі БХМД.
Намеснік галоўнага ўрача цэнтра “Псіхіятрыя — наркалогія” Таццяна Буднік паведаміла, што “бальніца працуе ў штатным рэжыме”.
19 ліпеня стала вядома, што “ўначы ратавальнікам паступіла паведамленне пра задымленне ва ўстанове аховы здароўя па вуліцы Абухава” (назву медустановы пазней паведаміла Мінздароўя).
“Падраздзяленні МНС, якія прыбылі да месца пажару, высветлілі, што ачаг узгарання знаходзіўся ў адной з палат на пятым паверсе шасціпавярховага будынка”, — адзначала ведамства.
Паводле інфармацыі МНС, работнікі бальніцы, “адрэагаваўшы на пах гару”, разам з міліцыянерамі “выратавалі 5 чалавек <…> з палаты, што гарэла”, сярод іх ніхто не пацярпеў.
“З выкарыстаннем адмысловых масак для абароны органаў дыхання з небяспечнай зоны работнікі МНС выратавалі яшчэ 6 чалавек, якія былі шпіталізаваны”, — гаварылася ў паведамленні міністэрства.
З будынка бальніцы былі эвакуяваныя 254 чалавекі, у тым ліку 10 дзяцей. Ніхто з іх не пацярпеў.
Тушыць пажар прыбыло 15 адзінак тэхнікі МНС.
12 снежня 2019 года ў псіхіятрычным шпіталі ў аграгарадку Жодзішкі (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) здарыўся пажар, у выніку якога загінула двое пацыентаў.
Узгаранне пачалося ў фае другога паверха праз няспраўнасць тэлевізара, што прывяло да моцнага задымлення будынка. Персанал установы аператыўна эвакуяваў 49 пацыентаў.
Гэтае здарэнне выклікала шырокі грамадскі рэзананс і паслужыла падставай для пастрожвання патрабаванняў да пажарнай бяспекі ў сацыяльных установах краіны.


- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 18–20 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія 55 дзён колькасць спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка

