Мінск 08:44

Святлана Курс умела ныраць у самыя чорныя прорвы і вынырваць з іх са святлом — Беларускі ПЭН

Ілюстрацыйнае фота: David Tomaseti / unsplash.com

20 ліпеня, ПозіркБеларускі ПЭН і праваабарончы цэнтр “Вясна” выказалі спачуванні родным і блізкім 54-гадовай пісьменніцы Святланы Курс (Евы Вежнавец), пра смерць якой стала вядома 20 ліпеня. 

“Света ўмела ныраць у самыя чорныя прорвы і вынырваць з іх са святлом, якое несла ў сабе. І частка гэтага святла заўсёды перападала яе чытачам і чытачкам. Страшна шкада, што з гэтай прорвы ёй вынырнуць не ўдалося. Вялікая страта для літаратуры і для Беларусі”, — цытуе Беларускі ПЭН сваю кіраўніцу Таццяну Нядбай.

“Вясна” адзначае, што пасля падзей 2020 года Курс не магла вярнуцца ў Беларусь праз пагрозу палітычнага пераследу: “У эміграцыі яна свядома пайшла працаваць сацыяльнай работніцай, даглядаючы пажылых і цяжкахворых людзей. Як сама казала, гэта быў спосаб пераадолець уласны страх старасці і смерці”.

Час і месца развітання са Святланай Курс стануць вядомыя пазней.

Курс была пісьменніцай, перакладчыцай, рэдактаркай і журналісткай. Працавала ў шэрагу незалежных СМІ, узначальвала часопіс Беларускага Хельсінкскага камітэта “Чалавек”, была членам Беларускага ПЭНа. Пражывала ў Варшаве.

Лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца 2021 года за аповесць “Па што ідзеш, воўча?”

У 2025 годзе ў літаратара быў дыягнаставаны рак яечніка з метастазамі ў брушыну і лімфатычныя вузлы.

Падзяліцца: