Мінск 00:01

Да 6 гадоў пазбаўлення волі асуджаны за буйныя хабары намеснік дырэктара прадпрыемства — вытворцы алкаголю

Ілюстрацыйнае фота: Bermix Studio / unsplash.com

21 ліпеня, Позірк. Суд Мінскага раёна прыгаварыў 14 ліпеня да шасці гадоў пазбаўлення волі намесніка дырэктара аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў, ён прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару).

Як паведамляе Вярхоўны суд, мужчына таксама аштрафаваны на 600 базавых велічынь (27 тыс. руб.).

Акрамя таго, ён на працягу пяці гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, а таксама здзяйсненнем юрыдычна значных дзеянняў.

Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны ў перыяд са снежня 2022 года да чэрвеня 2024 года “ў пяць этапаў прыняў ад кіраўніка ТАА хабар у асабліва буйным памеры не менш за 70 тыс. рублёў і алкагольную прадукцыю за спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, і за выкананне дзеянняў, якія ён павінен быў і мог здзейсніць з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў”.

З’яўляючыся членам профільнай камісіі прадпрыемства, абвінавачаны на пасяджэннях “уносіў і падтрымліваў прапановы аб вытворчасці на прадпрыемстве, якое ўваходзіць у склад холдынгу, алкагольнай прадукцыі ў шкляной тары пэўнага віду, адзіным пастаўшчыком якой на тэрыторыі Беларусі з’яўлялася ТАА”. Прадукцыя прызначалася для “наступнай рэалізацыі на ўнутраным рынку”.

Сваімі дзеяннямі, як заяўляецца, абвінавачаны “забяспечваў павелічэнне патрэбы ў закупцы гэтага віду шкляной бутэлькі і як вынік — павелічэнне аб’ёмаў яе паставак на заводы холдынгу”.

Абвінавачаны віну прызнаў цалкам.

Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.

У мінулым годзе самы буйны хабар быў атрыманы ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў у сакавіку прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш чым 30 гадоў карупцыя так і не была пераможана.

Падзяліцца: