Мінск 22:31

Офіс Ціханоўскай заклікаў беларусаў дбайна рыхтаваць дакументы на атрыманне міжнароднай абароны ў Польшчы

Фота: gov.pl/web/dyplomacja

13 жніўня, Позірк. Тэма міжнароднай абароны і павелічэння колькасці адмоваў грамадзянам Беларусі ў яе наданні абмеркавана на сустрэчы дарадцы Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніса Кучынскага са спецыяльным прадстаўніком Польшчы па пытаннях Беларусі Адамам Халацінскім і намеснікам дырэктара дэпартамента Усходняй Еўропы МЗС Польшчы Гжэгашам Пазнянскім. Пра гэта паведаміла 13 жніўня прэс-служба дэмлідара.

Афіцыйная палітыка Польшчы ў дачыненні да беларусаў не змянілася, а ў значнай частцы выпадкаў “прычынай адмоў становяцца недастатковая доказная база, адсутнасць пацвярджэнняў індывідуальных рызык або недастатковая абгрунтаванасць заявы”, падкрэсліваецца ў паведамленні.

Офіс Ціханоўскай рэкамендуе суайчыннікам “дбайна рыхтаваць дакументы і доказы, якія пацвярджаюць канкрэтныя індывідуальныя абставіны справы пры падачы на міжнародную абарону”, а ў сітуацыях, калі патрэбная дапамога, звяртацца ў офіс.

Падчас сустрэчы ў МЗС бакі абмеркавалі таксама “ключавыя напрамкі стратэгічнага супрацоўніцтва”, сумесныя мерапрыемствы ў 2026 годзе, супольныя меры па супрацьдзеянні інфармацыйнай кампаніі беларускага рэжыму, накіраванай супраць Польшчы і дэмакратычных сіл. Разглядаліся “спробы рэжымнай прапаганды выкарыстоўваць гістарычныя спекуляцыі, маніпуляцыі і фэйкі для распальвання ксенафобіі ды расколу паміж беларусамі і палякамі”.

18 ліпеня на сустрэчы ў рамках фэсту Tutaka ў польскім Падляскім ваяводстве Ціханоўская паабяцала разабрацца ў сітуацыі з міжнароднай абаронай для беларусаў у Польшчы.

Пра тое, што Польшча “рэзка знізіла выдачу міжнароднай абароны беларусам”, 17 ліпеня паведаміла выданне MOST, якое прааналізавала статыстыку Упраўлення па справах замежнікаў.

“У чэрвені вынесена 21 рашэнне пра наданне беларусам статусу ўцекача і яшчэ чатыры — пра дадатковую абарону. Пры гэтым негатыўныя рашэнні вынесеныя па 52 заявах, разгляд яшчэ 13 спраў прыпынены, — гаварылася ў публікацыі. — Такім чынам, у чэрвені доля адмоў у агульнай колькасці разгледжаных спраў дасягнула 57,8%, што з’яўляецца беспрэцэдэнтным паказчыкам. Для параўнання: у студзені — траўні 2026 года доля негатыўных рашэнняў складала толькі 4,4%, у 2025 годзе іх было 5,5%, а ў 2024-м — 5,4%”.

“Сітуацыя стала рэзка мяняцца яшчэ ў траўні. Калі за першыя чатыры месяцы 2026 года беларусам сумарна адмовілі ў наданні абароны толькі па 14 справах, то ўжо ў траўні было вынесена 17 негатыўных рашэнняў”, — звярнулі ўвагу журналісты.

У кантэксце магчымых прычын пагаршэння статыстыкі MOST спаслаўся на апублікаваныя праваабаронцамі негатыўныя рашэнні згаданага ўпраўлення, з якіх “вынікала, што ведамства змяніла падыход да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі”.

9 ліпеня прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета паведаміла, што намеснік яго кіраўніцы Ціханоўскай Павел Латушка абмеркаваў на сустрэчы з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам выпадкі адмовы ў наданні міжнароднай абароны беларусам, якія знаходзяцца ў Польшчы, са спасылкай на заканчэнне тэрмінаў даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах.

14 ліпеня Латушка перадаў кіраўніку бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі польскага прэзідэнта Марціну Пшыдачу інфармацыю пра рэпрэсіі, што працягваюцца ў Беларусі, а таксама пра трансгранічныя злачынствы рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў, якія жывуць у Польшчы.

Падзяліцца: