Мінск 18:57

Амбудсмены Украіны і РФ зноў сустрэліся ў Беларусі

20 жніўня, Позірк. Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец і ўпаўнаважаная па правах чалавека РФ Яна Лантратава правялі перамовы ў Беларусі, вынікае з публікацыі ў яе тэлеграм-канале.

Судзячы па фота, зносіны ізноў праходзілі ў аддзяленні памежнага кантролю Новая Гута на беларуска-ўкраінскай мяжы.

“Абмяняліся спісамі зніклых без вестак, абмеркавалі пытанні дакументаў. Дамовіліся аб наступнай гуманітарнай акцыі па перадачы пасылак. Перадала лісты для ваеннапалонных ад іх родных”, — паведаміла прадстаўнік Масквы.

У відэа, распаўсюджаным Лубінцом у “Фэйсбуку”, ён паведаміў, што абмяркоўвалася актывізацыя працэсу абменаў ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб, “гуманітарная эвакуацыя, абмен лістамі“ палонных.

Бакі дамовіліся аб пастаянным маніторынгу ўмоў утрымання ваеннапалонных і рэгулярным абмене інфармацыяй аб гэтым, удакладніў прадстаўнік Кіева.

Каментуючы абмен, Лантратава ў тым жа відэа звярнула ўвагу, што “ўпершыню за доўгі час” вызвалены параненыя расіяне — 31 чалавек. Іх прыняла хуткая медыцынская дапамога, за што яна падзякавала беларускаму боку.

З моманту папярэдняй сустрэчы з Лубінцам Лантратава ў РФ наведала больш за 600 украінскіх ваеннапалонных, сказала яна.

У сустрэчы прыняла ўдзел старшыня пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў, экс-міністр працы і сацабароны (2017–2024) Ірына Касцевіч, вынікае з фота ў тэлеграм-канале прадстаўніка РФ.

Як паведамлялася, 19 жніўня Украіна і Расія правялі дзявяты абмен ваеннапалоннымі на тэрыторыі Беларусі — на гэты раз па формуле “103 на 103”.

Першы ў гэтым годзе абмен ваеннапалоннымі праз тэрыторыю краіны адбыўся 5 лютага (157 чалавек з кожнага боку), другі — 5 сакавіка (па 200), трэці — 6 сакавіка (па 300), чацвёрты — 11 красавіка (па 175 ваенных і 7 грамадзянскіх), пяты — 24 красавіка (па 195 ваенных), шосты — 15 траўня (па 205 вайскоўцаў), сёмы — 5 чэрвеня (па 185 вайскоўцаў), восьмы — 26 чэрвеня (па 160 вайскоўцаў).

У красавіку на беларускім дзяржТВ выйшаў рэпартаж, з якога вынікае, што расейскія вайскоўцы, якія вызваляюцца з украінскага палону, праходзяць лячэнне ў Гомелі. Там таксама фігуравала Касцевіч.

Лубінец і Лантратава праводзілі перамовы на беларускай тэрыторыі 26–27 чэрвеня.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: