Гандлёвыя сеткі не павінны перашкаджаць крамам “Белкаапсаюза” — указ

20 жніўня, Позірк. Персанальную адказнасць старшыняў абласных і раённых выканкамаў, а таксама кіраўнікоў суб’ектаў гандлю за забеспячэнне належнага гандлёвага абслугоўвання жыхароў сельскай мясцовасці ўводзіць з 1 студзеня 2027 года Аляксандр Лукашэнка ўказам ад 20 жніўня “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчаў“.
Пра падпісанне дакумента паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Падкрэсліваецца, што ўказ накіраваны на “паляпшэнне гандлёвага абслугоўвання, павышэнне яго якасці і стварэнне дадатковых умоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання на вёсцы”.
“З гэтай мэтай на мясцовым узроўні выбудоўваецца сістэма — звод нормаў — для сфер гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання. Улічваюцца, з аднаго боку, пажаданні жыхароў сельскай мясцовасці, з другога — эканамічныя інтарэсы суб’ектаў гандлю”, — гаворыцца ў паведамленні.
Устанаўліваецца, што гандаль, бытавое абслугоўванне і праца грамадскага харчавання на вёсцы “ажыццяўляюцца з улікам асаблівасцяў”, “у прыватнасці, па падаткаабкладанні (уводзяцца льготы да 1 студзеня 2029 года. — “Позірк“.), арганізацыі работы аўтакрам (з абавязковым вызначэннем маршрутаў, указаннем перыядычнасці руху, часу і месцаў прыбыцця), адчужэнню на платнай аснове нерухомасці”.
Юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам дазволена гандляваць алкаголем на вёсцы па-за залежнасцю ад плошчы крам і павільёнаў.
Гандлёвыя сеткі “не павінны перашкаджаць дзейнасці арганізацый спажывецкай кааперацыі“ (гаворка пра крамы “Белкаапсаюза”).
Указ падрыхтаваны “ў адпаведнасці з патрабаваннямі і даручэннямі кіраўніка дзяржавы на выязной нарадзе па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбнасць, якая адбылася ў Вілейцы 7 жніўня 2026 года”.
Ранейшыя прававыя акты ў гэтай сферы прызнаюцца страціўшымі моц, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Указ не датычыцца рознічнага гандлю аўтамабільным палівам, аўтатранспартам, ювелірнымі вырабамі, тэхабслугоўвання аўтамабіляў.
На нарадзе ў Вілейцы Лукашэнка заявіў, што праца Белкаапсаюза “застаецца неэфектыўнай”, а ўрад і кіраўніцтва спажыўкааперацыі “не змаглі змяніць сітуацыю да лепшага”.
Паводле слоў Лукашэнкі, за 2025 год колькасць магазінаў у сельскай мясцовасці скарацілася на 314, аўталавак — на 13.
Застаецца стратнай праца арганізацый рознічнага гандлю Белкаапсаюза. За першую палову 2026 года чыстая страта склала 16,4 млн рублёў, павялічыўшыся ў 11 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га. “Калі гэта так, гэта жудасць”, — сказаў прамоўца.
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваКаля 20% беларускіх падлеткаў праводзяць у лічбавым асяроддзі больш за 6-7 гадзін штодзень — даследаванне РНПЦ псіхічнага здароўя (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваЁршыкі для ўнітазаў уключаныя ў спіс мэблі для арэнднага жылля, якое выдзяляецца дзяржслужачым у Мінскай вобласціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваКолькасць звалак, якія штогод прыбірае лясная ахова, за апошнія пяць гадоў узрасла больш чым на 800Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства



