Мінск 13:42

Затрыманы падазраваны ў рабаванні ювелірнай крамы ў Мінску

Ілюстрацыя: МУС

23 жніўня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла 23 жніўня аб затрыманні падазраванага ў разбойным нападзе на ювелірную краму ў Мінску.

“Зладжаная праца падраздзяленняў міліцыі дазволіла на працягу сутак высветліць асобу нападніка. Ім аказаўся 34-гадовы мінчанін, які спрабаваў збегчы за мяжу разам з выкрадзенымі ювелірнымі вырабамі”, — адзначыла ведамства.

Следчы камітэт паведаміў аб узбуджэнні крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 207 КК (разбой, здзейснены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры).

Удакладняецца, што мужчына затрыманы ў Оршы (Віцебская вобласць).

“Маёмасць, здабытая злачынным шляхам і выяўленая пры ім, канфіскаваная следчымі. У цяперашні час з удзелам фігуранта праводзяцца следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні. Акрамя таго, па месцы жыхарства мінчука знойдзены прадмет, падобны на пісталет”, — заявілі ў СК.

21 жніўня паведамлялася, што сілавыя органы ў Мінску шукаюць рабаўніка, які напаў са зброяй на ювелірную краму. Паводле звестак СК, у той дзень каля 17:57 у аператыўна-дзяжурную службу паступіла паведамленне аб узброеным нападзе на гандлёвы аб’ект.

“Невядомы мужчына ўвайшоў у памяшканне ювелірнай крамы і, пагражаючы прадаўцу прадметам, падобным на пісталет, пракраўся за вітрыну. Зламыснік выкраў ювелірныя вырабы, пасля чаго ўцёк”, — адзначаў СК.

Аб разбойным нападзе ў сталіцы паведаміла таксама МУС: “На пр. Незалежнасці, 155 каля 17:50 мужчына ў медыцынскай масцы, пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, завалодаў ювелірнымі вырабамі, пасля чаго ўцёк з месца злачынства”.

Па ўказаным адрасе ў Першамайскім раёне Мінска (каля станцыі метро “Усход”) знаходзіцца ювелірная крама “Самацветы”.

Падзяліцца: