Мінск 19:43

Польскія памежнікі дапамогуць латвійскім абараняць мяжу з Беларуссю

19 кастрычніка, Позірк. Аб аказанні дапамогі з боку Польшчы ў абароне мяжы Латвіі з Беларуссю паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Балтыйскай дзяржавы.

Маніторынг з удзелам польскіх памежнікаў на латвійска-беларускай мяжы будзе праходзіць з 19 кастрычніка па 1 лістапада. Адзначаецца, што гэта стала магчымым дзякуючы падпісанаму 2 кастрычніка двухбаковаму пагадненню аб трансгранічным супрацоўніцтве паміж Рыгай і Варшавай.

Падкрэсліваецца, што латвійскім пагранічнікам будзе аказана як тэарэтычная, так і практычная падтрымка.

Латвійскае ведамства паведамляе, што супрацоўніцтва будзе спрыяць “абмену досведам паміж памежнымі службамі краін”, а таксама ўмацуе “ўзаемадзеянне пры выкананні задач памежнага кантролю”.

Звяртаецца ўвага, што такую дапамогу латвійскім памежнікам раней аказвалі калегі з Літвы, Фінляндыі і Эстоніі.

Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі паведамляў 1 верасня аб чарговай ратацыі сваіх спецыялістаў (група ESTPOL11). Адзначалася, што акрамя [накіравання] супрацоўнікаў праваахоўных органаў Талін аказвае падтрымку аперацыі [па абароне латвійскай мяжы], выкарыстоўваючы службовых сабак, беспілотнікі і іншае спецыялізаванае абсталяванне“.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Падзяліцца: