Мінск 16:07

Пачобут узнагароджаны польскай журналісцкай прэміяй “Залаты лаўр Super Biznesu“

Анджэй Пачобут
Фота: superbiz.se.pl

21 кастрычніка, Позірк. Беларускі журналіст польскага паходжання, былы палітвязень Анджэй Пачобут атрымаў польскую прэмію “Залаты лаўр Super Biznesu“ (заснаваная ў 2014 годзе рэдакцый газеты Super Express) у намінацыі “Асоба года”. Цырымонія ўзнагароджання прайшла 20 кастрычніка ў Варшаве з удзелам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год, таксама былога палітвязня Алеся Бяляцкага.

Як адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў, прэмія ўручаецца ў васьмі намінацыях людзям, кампаніям і арганізацыям за ўнёсак у польскую эканоміку і грамадскае жыццё.

Прэмію Пачобут атрымаў з рук Бяляцкага.

Ціханоўская ў сваім выступе падкрэсліла, што вызваленне Пачобута, Бяляцкага і сотняў іншых палітвязняў было б немагчымым “без цвёрдай і прынцыповай пазіцыі Польшчы, якую яна захоўвала цягам усіх гэтых гадоў“.

“І я веру, што аднойчы Беларусь стане такой, як цяперашняя Польшча — моцнай, квітнеючай, свабоднай і еўрапейскай. Польшча ведае, што значыць жыць пры дыктатуры і пад “расійскім ботам“, — сказала дэмлідар, якую цытуе яе прэс-служба.

Паводле слоў палітыка, штогод польскія кампаніі з беларускімі каранямі прыносяць больш за 19 млрд злотых (каля 5 млрд долараў ЗША) выручкі. “Яны ствараюць працоўныя месцы, плацяць падаткі і робяць свой унёсак у польскую эканоміку. Я веру, што ў будучыні свабодная Беларусь і Польшча стануць яшчэ больш блізкімі партнёрамі — у бізнэсе, інавацыях, адукацыі і культуры“, — заявіла Ціханоўская.

Яна паведаміла, што “вельмі хутка“ ў Варшаве адкрыецца яе офіс, які “стане палітычным цэнтрам свабоднай Беларусі”. “Мы адчуваем велізарную падтрымку гэтай ініцыятывы — з боку прэм’ер-міністра Дональда Туска, прэзідэнта Караля Наўроцкага, міністра [замежных спраў] Радослава Сікорскага, а таксама Сейма і Сената“, — адзначыла дэмлідар.

Пачобут правёў у зняволенні больш за пяць з 8 гадоў, прызначаных яму беларускім судом у якасці пакарання ў рамках палітычна матываванай справы. У канцы красавіка 2026 года ён быў вызвалены ў рамках шматбаковага абмену паводле формулы “пяць на пяць“.

Падзяліцца: