Амбасадар Фісенка ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Славакіі Пелегрыні
21 кастрычніка, Позірк. Аб уручэнні амбасадарам Беларусі ў Славакіі Ігарам Фісенкам даверчых грамат кіраўніку гэтай дзяржавы — члена Еўрасаюза Петэру Пелегрыні паведаміла 21 кастрычніка прэс-служба Міністэрства замежных спраў.
Як адзначае ведамства, у ходзе пратакольнай гутаркі прэзідэнт Славакіі “вітаў рашэнне” Аляксандра Лукашэнкі аб “аднаўленні работы амбасады Беларусі ў Браціславе” і выказаўся за “развіццё двухбаковых адносін”.
“Суразмоўцы падкрэслілі неабходнасць умацавання супрацоўніцтва ў сферах эканомікі, культуры, спорту, а таксама адзначылі важнасць інтэнсіфікацыі моладзевых кантактаў і наладжвання гуманітарных сувязяў паміж беларускім і славацкім народамі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Магчымасць “пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва пры выкананні дзейнага санкцыйнага рэжыму ЕС” абмяркоўваў з намеснікам кіраўніка МЗС Беларусі Ігарам Сякрэтам дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі (функцыянальна пасада параўнальная з пасадай намесніка міністра) Марэк Эштак.
Па выніках сустрэчы 18 чэрвеня ў Браціславе славацкі чыноўнік напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што размова сярод іншага тычылася двухбаковых стасункаў і будучыні стасункаў Беларусі і Еўрасаюза, а таксама вайны ва Украіне.
“Мы адкрыта і шчыра абмяняліся думкамі, што адлюстроўвае нашу агульную перакананасць у тым, што дыялог застаецца незаменным нават пры абмеркаванні самых складаных пытанняў”, — адзначыў Эштак.
Дзяржсакратар МЗС Славакіі падкрэсліў, што і ён, і Сякрэта з’яўляюцца “прафесійнымі дыпламатамі” і “выдатна разумеюць, што нават ва ўмовах разыходжання поглядаў і складанай міжнароднай абстаноўкі камунікацыя застаецца неад’емнай часткай міжнародных адносін”.
Прэс-служба МЗС Беларусі апісвала тую сустрэчу менш канкрэтна. Адзначалася, што суразмоўцы “ў сяброўскай атмасферы” абмеркавалі “пытанні ўмацавання двухбаковай супрацы, падкрэсліўшы неабходнасць актывізацыі эканамічнага ўзаемадзеяння”, адзначылі “ўзаемныя намаганні па забеспячэнні паўнавартаснай дыпламатычнай прысутнасці ў сталіцах” дзвюх краін, а таксама “разгледзелі пытанні рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі, у тым ліку магчымыя захады па аднаўленні даверу для ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне”.
28 траўня ў Мінску на “чарговым раундзе” беларуска-славацкіх палітычных кансультацый былі ўзгодненыя “канкрэтныя крокі па далейшым умацаванні палітычнага ўзаемадзеяння”, у тым ліку “працяг дыялогу на розных узроўнях і рэалізацыя сумесных праектаў”.
У іх узялі ўдзел Сякрэта і палітычны дырэктар МЗС Славакіі Марцін Качо.
Славакія раней была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску. Беларускі дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.
Аднак увосені 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Робертам Фіцам, які чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (раней у 2006–2010, 2012–2016 і 2016–2018 годах). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.
Пасля прыходу да ўлады Фіцы Браціслава вярнула амбасадара ў Беларусь. Славакія і Венгрыя, урад якой раней узначальваў прарасійскі прэм’ер Віктар Орбан, з’яўляюцца адзінымі краінамі Еўрасаюза, прадстаўленымі ў Беларусі на ўзроўні амбасадараў. Астатнія дзяржавы ЕС пасля падзей 2020 года абмежавалі дыпламатычную прысутнасць да ўзроўню часовых павераных.
Сёлета 3 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў амбасадарам Беларусі ў Славакіі Ігара Фісенку.
Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе ўвосені 2023 года. Апошнім амбасадарам быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020-га. Тады дыпламат, былы памочнік Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта.
Сёлета 4 траўня Ціханоўская сустракалася з Фіцам на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване.
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ГрамадстваЗамежным грамадзянам выдадзена каля 2 тыс. беларускіх электронных віз — НЦЭП (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаВераснёўская інфляцыя ў Беларусі была вышэй, чым у Расіі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаДзевяць банкаў увялі новаўвядзенні пры працы з кліентаміМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаНа складах у Мінску захоўваецца 120,4% сярэднямесячнага аб'ёму прамысловай вытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 кастрычніка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства



