Больш за год з Польшчы ў РФ пастаўляліся тавары для ваенных праграм, у тым ліку праз беларускіх пасрэднікаў — БРЦ

19 лістапада, Позірк. Пастаўкі з Польшчы ў Расію тавараў са спісу прыярытэтных патрэбаў для ваенных праграм больш як на 3,3 млн долараў выявіў Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ).
Паводле матэрыялу БРЦ, сярод тавараў, якія пастаўляліся, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем (ЛПК), лабараторныя аналізатары, тэлекамунікацыйнае абсталяванне і электронныя кампаненты. Атрымальнікамі былі ў тым ліку кампаніі, звязаныя з расійскім ВПК. Пастаўкі ажыццяўляліся са студзеня 2024 года да сакавіка 2025-га, нягледзячы на санкцыі Еўрасаюза.
У лютым 2024 года Еўракамісія апублікавала трэцюю абноўленую версію “Пераліку агульных тавараў высокага прыярытэту” (List of Common High Priority Items), распрацаванага сумесна з ЗША, Вялікабрытаніяй і Японіяй. У спіс былі ўнесеныя яшчэ 5 таварных кодаў — у дадатак да ранейшых 45, якія, на думку складальнікаў дакумента, Расія імкнецца закупляць для сваіх ваенных праграм.
БРЦ налічыў прынамсі 7.468 тавараў са згаданага пераліку, якія трапілі ў РФ ад пачатку 2024 года да сакавіка 2025-га. Месцам адпраўлення ўсіх гэтых тавараў пазначаная Польшча, хоць іх экспарт быў абмежаваны санкцыямі ЕС.
Адзначаецца, што ў студзені пазамінулага года расійская кампанія “Холтэк Голд” набыла патрыманы апрацоўчы цэнтр нямецкай фірмы Deckel Maho. Згодна з лагістычнымі дакументамі, адпраўнікам станка 2014 года выпуску была польская кампанія Aurima — на падставе даручэння гродзенскай кампаніі “Белінтэрлагістык”.
Праз месяц “Холтэк Голд” атрымала яшчэ адзін патрыманы станок з ЛПК — паўднёвакарэйскай фірмы Hyundai. На гэты раз адпраўнікам выступіла сама фірма “Белінтэрлагістык” — на падставе даручэння польскай кампаніі Logiss.
Агульны кошт двух станкоў склаў каля 194 тыс. долараў. У абодвух выпадках краінай адпраўлення тавару пазначаная Польшча, а насупраць спецыфікацыі абсталявання было адзначана, што яно “не ваеннага прызначэння”.
Яшчэ адзін прыклад верагоднай маніпуляцыі спецыфікацыяй тэхнікі журналісты БРЦ выявілі ў дакументах, якія ім перадалі актывісты ініцыятывы “Рабочы Рух”. У лютым 2024 года “Белінтэрлагістык” падпісала дагавор з расійскай кампаніяй “ТэхнаТрэйд” на пастаўку паўднёвакарэйскага станка коштам 317 тыс. еўра. У спецыфікацыі ён быў пазначаны як апрацоўчы цэнтр для цвёрдых матэрыялаў, але ў пазнейшых польскіх лагістычных дакументах станок той самай мадэлі пазначаўся ўжо як машына для апрацоўкі пластмасы.
СМІ прыводзіць ацэнку брытанскага адваката, спецыяліста ў галіне міжнародных санкцый і сузаснавальніка арганізацыі State Capture Accountability Project (“Праект па прыцягненні да адказнасці за падпарадкаванне дзяржавы прыватным інтарэсам”) Алекса Прэзанці. Паводле яго слоў, калі б экспарцёр з Еўрасаюза наўмысна падаў недакладную дэкларацыю, каб абысці экспартную забарону, гэта было б парушэннем забароны на абыход санкцый: “У большасці краін ЕС такое парушэнне мае быць крымінальным злачынствам”.
БРЦ накіраваў запыт у Нацыянальную падатковую адміністрацыю Польшчы, якая адказвае ў тым ліку за мытны кантроль, аднак да моманту выхаду расследавання не атрымаў адказу.
Напрыканцы чэрвеня 2024 года ЕС пашырыў санкцыі на транзіт тавараў праз Беларусь за саўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны. Абмежаванні ахапілі, сярод іншага, тавары падвойнага прызначэння і некаторыя катэгорыі прамысловага абсталявання — у тым ліку станкі.
Пасля ўвядзення санкцый “Белінтэрлагістык” не магла забіраць такія тавары ў Польшчы і перадаваць іх у Расію, таму накіравала пастаўкі па новым маршруце, што, як заяўляе БРЦ, пацвярджаецца дакументамі. У лістападзе 2024 года кампанія зноў набыла нямецкі станок з ЛПК. На гэты раз экспарцёрам выступіла кампанія “Усход Рэсурс” з Кыргызстана, а месцам адпраўлення тавару была пазначаная Турцыя.
У студзені 2025 года беларуская фірма перадала станок расійскаму кліенту. З ланцужка мытных дэкларацый вынікае, што гэта той самы станок, звярнулі ўвагу журналісты. Яго кошт складае 65,6 тыс. долараў.
Адзначаецца, што “Белінтэрлагістык” прапануе яшчэ адзін маршрут дастаўкі тавараў у Расію з Еўропы — праз Арменію. Рэкламу такіх перавозак расследавальнікі знайшлі на старонках кампаніі ў сацсетках.
Агулам з лістапада 2023 года да сакавіка 2024-га “Белінтэрлагістык” паставіла ў Расію прынамсі 20 патрыманых станкоў: еўрапейскай вытворчасці — 12, карэйскай — 5, японскай — 2, невядомай — 1.
БРЦ падкрэсліў, што пасля ўвядзення санкцый гандлёвыя плыні па некаторых катэгорыях тавараў з ЕС у Расію скарачаліся. Адначасова павялічваліся пастаўкі такіх самых тавараў з ЕС у трэція краіны: Турцыю, Казахстан, Кыргызстан.
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаНайлепшая дынаміка росту ВРП за дзесяць месяцаў — у Брэсцкай вобласці, найгоршая — у ВіцебскайМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаНезалежнасць суддзяў у Беларусі ёсць канстантай, сцвярджае ЛукашэнкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа дзесяць месяцаў 2026 года пабудавана на 9,2% менш кватэр, чым годам раней (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка



