Мінск 08:50

Лукашэнка хоча развіваць супрацу з Манака ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, культуры і спорту

Манака
Ілюстрацыйнае фота: Julien Lanoy / unsplash.com

19 лістапада, Позірк. Княства Манака вядомае ў свеце “сваімі поспехамі ў эканамічнай, навуковай і гуманітарнай сферах”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 19 лістапада князя Альбера II і жыхароў гэтай краіны з нацыянальным святам.

“Карыстаюся гэтай нагодай, каб у дзясяты, юбілейны год з дня ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Манака пацвердзіць імкненне да далейшай сумеснай працы па такіх перспектыўных кірунках, як ахова навакольнага асяроддзя, культура і спорт”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Выкарыстаць 10-годдзе ўсталявання дыпламатычных стасункаў, каб “надаць новы імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню”, Лукашэнка прапаноўваў яшчэ ў леташнім віншаванні. Тады ён выказаў меркаванне, што бакі могуць “знайсці шляхі рэалізацыі канкрэтных праектаў у гандлёва-эканамічнай сферы, а таксама пашырыць гарызонты супрацы ў сферах культуры, навукі, спорту, аховы навакольнага асяроддзя і турызму”.

Віншуючы князя і жыхароў Манака ў 2024 годзе, беларускі палітык таксама прапаноўваў “напоўніць канкрэтным зместам двухбаковыя стасункі ў гандлёва-эканамічнай сферы, галінах навукі, культуры, экалогіі, спорту і турызму”.

Сумеснае камюніке пра ўсталяванне дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Манака было падпісанае 15 красавіка 2016 года ў беларускай амбасадзе ў Францыі. Княства стала 175-й дзяржавай, з якой Беларусь усталявала дыпстасункі.

Інфармацыі пра ўзаемны гандаль Беларусі і Манака ў адкрытым доступе няма.

Манака месціцца на поўдні Еўропы — на беразе Лігурыйскага мора, на сушы мяжуе з Францыяй. З’яўляецца адной з самых маленькіх і найбольш густанаселеных краін свету. Княства шырока вядомае сваім казіно ў Монтэ-Карла і этапам чэмпіянату Формулы-1 “Гран-пры Манака”, які праводзіцца на гарадскіх вуліцах гэтай адміністрацыйнай адзінкі.

Манака — шматнацыянальная дзяржава з шырокай этнакультурнай, рэлігійнай, расавай і нацыянальнай разнастайнасцю. З’яўляецца членам міжнародных арганізацый: ААН (з 1993 года), АБСЕ, Савета Еўропы (з 2004-га), Інтэрпола, ЮНЕСКО, СААЗ.

Не з’яўляючыся членам Еўрапейскага саюза і НАТО, Манака эканамічна шчыльна звязанае з ЕС — праз мытны саюз з Францыяй. Плацежным сродкам у краіне з’яўляецца еўра.

Падзяліцца: