Мінск 18:59

Стваральнікі ініцыятывы Dissidentby сужэнцы Касінеравы прыгавораныя завочна да доўгіх тэрмінаў зняволення

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

18 лістапада, Позірк. Суд Заводскага раёна Мінска вынес завочны прыгавор Марыне Касінеравай і Вячаславу Касінераву, прызнаўшы іх вінаватымі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паведамляе праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.

Касінерава асуджаная на 12 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 1.000 базавых велічынь (45.000 рублёў), яе муж Касінераў — на 11 гадоў пазбаўлення волі са штрафам 900 б.в. (40.500 рублёў).

“Разам — 23 гады пазбаўлення волі. Менавіта так дыктатура ацаніла нашу праваабарончую дзейнасць”, — адзначае Dissidentby, заснавальнікамі якога з’яўляюцца прадстаўнікі беларускага анархісцкага руху сужэнцы Касінеравы. Арганізацыя факусуецца на дапамозе тым, каго з розных прычын не прызналі палітвязнямі.

Спецвытворчасць у дачыненні да Касінеравых распачатая 28 жніўня.

Касінерава абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 3611, ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 130, ч. 4 арт. 16 і арт. 3691, ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 368, ч. 2 арт. 3614 КК, яго жонку таксама паводле ч. 1 і 2 арт. 3611.

26 снежня 2023 года “экстрэмісцкім фарміраваннем” была прызнана супольнасць у “Фэйсбуку” “Лісты салідарнасці Беларусь 2020”. Да платформы, паводле інфармацыі Камітэта дзяржаўнай бяспекі, была датычная Марына Касінерава.

Працэдура спецыяльнай вытворчасці прымяняецца па 34 складах злачынстваў. Сярод іх — акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, дзяржаўная здрада, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да ўвядзення санкцый.

Даведка “Позірку”:

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

ч. 4 арт. 16 — дапамаганне ў здзяйсненні злачынства;

арт. 130 — наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

ч. 2 арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

Падзяліцца: