Мінск 19:54

У Беларусі ствараецца адзіны лічбавы рэестр аграсядзіб

Архіўнае фота: 34travel.me

18 лістапада, Позірк. У Беларусі ствараецца адзіны лічбавы рэестр аграсядзіб, вынікае з адпаведнай пастановы ўрада.

Як адзначае прэс-служба Саўміна, у электронным пераліку будзе замацаваны “парадак стварэння і вядзення інфармацыйнай базы ўсіх аграэкасядзіб і іх паслуг”.

Райвыканкамам прадпісваецца ў месячны тэрмін забяспечыць стварэнне асабістых кабінетаў для дзеючых сядзіб (у цяперашні час, як паведамляецца, іх больш за 1.440) на дзяржаўнай лічбавай платформе “Разумны горад (рэгіён)”. Платформу распрацоўваюць спецыялісты Міністэрства сувязі і камунікацый.

На думку чыноўнікаў, для турыстаў рэестр стане “зручным і надзейным анлайн-каталогам”, для ўладальнікаў сядзіб — “пляцоўкай для іміджавага прасоўвання”, для дзяржавы — “інструментам дакладнай аналітыкі галіны”.

Падаць заяву аб пачатку працы ў якасці аграэкасядзібы альбо аб прымяненні спецыяльнага збору фізічныя асобы змогуць дыстанцыйна праз адзіны партал электронных паслуг. Пры гэтым захоўваецца магчымасць “звыклага папяровага фармату” падачы дакументаў у мясцовы орган улады.

Дакументам таксама вызначаны “вычарпальны пералік дакументаў” для атрымання ў “Белаграпрамбанку” льготнага крэдыту (пад 5% гадавых) на рэалізацыю праектаў у сферы аграэкатурызму.

“Гэты падыход мінімізуе часовыя выдаткі ўладальнікаў аграсядзіб на візіты ў банк, афармленне крэдыту стане прасцейшым і хутчэйшым”, — лічаць ва ўрадзе.

Пастановай устаноўленыя тыповыя формы дагавораў на аказанне паслуг паміж суб’ектамі аграэкатурызму і аграэкатурыстамі або арганізацыямі, у тым ліку тураператарамі, а таксама парадак ажыццяўлення райвыканкамамі адміністрацыйнай працэдуры, звязанай з прыняццем рашэння аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму.

Дакумент уступае ў сілу з 20 лістапада.

18 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб развіцці аграэкатурызму”, якім, у тым ліку, прадугледжваецца падаўжэнне льготнага крэдытавання суб’ектаў аграэкатурызму на неабмежаваны перыяд дзеяння.

Турыстычнай дзейнасць у 2025-м займалася 1.255 арганізацый (у 2024-м — 1.108; +13,3%), іх паслугамі скарысталася 3 млн 528,1 тыс. чалавек (2 млн 711,2 тыс.; +30,1% адпаведна), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Летась Беларусь наведала 579,2 тыс. арганізаваных турыстаў (366,7 тыс.; рост у 1,6 раза) з 86 краін свету (85).

Пяцёрка краін-лідараў, грамадзяне якіх у 2025-м арганізавана наведалі Беларусь: Расія — 570.336, Латвія — 2.228, Турцыя — 1.657, Кітай — 884, Эстонія — 566. У 2024-м: Расія — 355.799, Турцыя — 763, Латвія — 527, Кітай — 410, Літва — 288.

Падзяліцца: