Мінск 22:39

Беларусь пастаўляе ў Індыю 1 млн т калію ў год і гатовая нарошчваць аб’ёмы — Рыжанкоў

Архіўнае фота: belaruskali.by

18 лістапада, Позірк. Беларусь пастаўляе ў Індыю 1 млн тон калію ў год і гатовая нарошчваць аб’ёмы, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкова ў інтэрв’ю індыйскаму выданню CNN-News18 (апублікаванае 18 лістапада на сайце МЗС).

“Хачу заявіць, што мы надзейны партнёр і ніколі не падвядзем нашых сяброў у Індыі з пастаўкамі гэтага найважнейшага для развіцця сельскай гаспадаркі прадукту. <…> Мы прыкладаем усе намаганні, каб нават ва ўмовах пэўных абмежаванняў, уведзеных Еўрапейскім саюзам, і лагістычных цяжкасцяў, выкліканых агульнай сітуацыяй у свеце, патрэбы Індыі задавальняліся ў поўным аб’ёме. <…> Мы знаходзім магчымасці дастаўляць неабходныя аб’ёмы калію ў Індыю і іншым нашым пакупнікам, выкарыстоўваючы транспартна-лагістычныя маршруты нашых блізкіх партнёраў у Расіі”, — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, у Беларусі ў бліжэйшай перспектыве будуць прапрацаваныя “новыя маршруты па лініі “Поўнач — Поўдзень”, што дасць дадатковыя гарантыі бесперабойных паставак гэтай прадукцыі”.

Гаворачы аб транспартным калідоры “Поўнач — Поўдзень”, Рыжанкоў запэўніў, што ў Беларусі ўважліва сочаць за стварэннем новых лагістычных маршрутаў у еўразійскім рэгіёне: “Хачу сказаць, што гэта адзін з прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь у рамках будаўніцтва нашай агульнай еўразійскай прасторы, якую мы разглядаем як адзінае цэлае пры вырашэнні ўсяго комплексу задач бяспекі, супрацоўніцтва і развіцця. І, безумоўна, наяўнасць розных альтэрнатыўных калідораў для экспарту нашых тавараў, закупкі замежнай прадукцыі для Беларусі, а таксама перамяшчэння нашых грамадзян цалкам адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

Рыжанкоў адзначыў, што калідор “Поўнач — Поўдзень” праходзіць “часткова па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, праз Каспійскае мора, а затым праз Іран да партоў, размешчаных у акваторыі Індыйскага акіяна”. Паводле яго сцвярджэння, гэты маршрут дазволіў бы Беларусі ўдвая скараціць адлегласць пры дастаўцы тавараў у дзяржавы Азіі, Усходняй Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, адначасова забяспечваючы пастаўкі ў Беларусь неабходнай прадукцыі.

“Мы не проста актыўна назіраем за гэтым працэсам, але і стымулюем нашых партнёраў, вызначаючы канкрэтную наменклатуру і аб’ёмы грузаў, якія мы гатовыя зарэзерваваць пад гэтыя маршруты. Мы з нецярпеннем чакаем хуткага запуску адсутнага чыгуначнага ўчастка, які будуецца на тэрыторыі Ірана, у тым ліку пры садзейнічанні расійскага боку. Акрамя таго, мы, зразумела, развіваем альтэрнатыўныя маршруты праз Цэнтральную Азію, якія здольныя адкрыць значна больш глыбокі выхад на азіяцкі кантынент праз тэрыторыю Афганістана”, — сказаў кіраўнік МЗС.

Рыжанкоў таксама заявіў, што спыненне транзіту калію праз краіны Балтыі ўдарыла “перш за ўсё па іх саміх”. На сёння, сцвярджае чыноўнік, “менавіта яны губляюць велізарныя фінансавыя сродкі, адмовіўшыся ад перавалкі і транспарціроўкі беларускіх угнаенняў”.

Разам з тым Рыжанкоў падкрэсліў гатоўнасць разгледзець магчымасць аднаўлення паставак праз парты Балтыі, калі Літва і Латвія “адумаюцца і будуць гатовыя аднавіць давер у пытаннях транспарціроўкі не толькі калію”, але і іншай прадукцыі. Аднак, дадаў ён, патрабуюцца “жалезныя гарантыі таго, што сітуацыя з абмежаваннямі ў дачыненні да беларускага боку больш не паўторыцца”.

Па выніках сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вызваліць 250 вязняў, з якіх 235 дазволена застацца на радзіме, а 15 было вывезена ў Літву (трое пасля накіраваліся ў Польшчу). У адказ адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа паабяцала зняць з Беларусі частку санкцый (з “Белінвестбанка”, Банка развіцця, Міністэрства фінансаў, “Беларуськалія”, Беларускай калійнай кампаніі).

Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) 26 сакавіка афіцыйна зняло абмежаванні з “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).

Нягледзячы на рашэнне ЗША аб зняцці санкцый з “Беларуськалія” пазіцыя афіцыйнага Вільнюса па гэтым пытанні застаецца ранейшай, заявіў 19 сакавіка дарадца літоўскага прэм’ер-міністра Ігнас Дабравольскас.

Візіт Рыжанкова ў Індыю пачаўся 15 лістапада і працягваўся да 18 лістапада.

Паводле даныхамбасады Індыі ў Беларусі, тавараабарот дзвюх краін у мінулым фінансавым годзе (красавік 2025-га — сакавік 2026-га) склаў 124,02 млн долараў супраць 106,69 млн годам раней. Рост склаў 16,2%.

Паводле той жа статыстыкі, індыйскі імпарт з Беларусі дасягнуў 52,23 млн долараў, экспарт у Беларусь — 71,79 млн. Адмоўнае сальда гандлю для беларускага боку склала 19,56 млн долараў.

У апублікаванай амбасадай табліцы таксама ўказана, што ў 2021/2022-м фінансавым годзе тавараабарот складаў 446,42 млн долараў. Такім чынам, нягледзячы на рост за апошні год, аб’ём узаемнага гандлю заставаўся значна ніжэйшым за гэты ўзровень.

Падзяліцца: