Мінск 22:07

Рыжанкоў мудрагеліста пацвердзіў, што Лукашэнка абменьвае палітвязняў на змякчэнне санкцый

Фота: МЗС

18 лістапада, Позірк. Выбудоўваючы дыялог з ЗША, Мінск кіруецца “здаровым прагматызмам”, заявіў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю індыйскаму выданню CNN-News18 (апублікаванае 18 лістапада на сайце МЗС).

“Па меры вырашэння пэўных пытанняў, якія маюць значэнне для амерыканскага боку, скажам так, па лініі праваахоўных органаў, мы дамагаемся зняцця шэрагу санкцый з боку ЗША ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь”, — сказаў Рыжанкоў, маючы на ўвазе, несумненна, паэтапнае вызваленне палітвязняў.

“Гэта станоўча адбіваецца на развіцці беларускага знешняга гандлю, паколькі санкцыі здымаюцца з прадпрыемстваў, чые экспартна-імпартныя аперацыі маюць вялікае значэнне для развіцця нашай дзяржавы”, — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Акрамя таго, дадаў ён, “здымаюцца абмежаванні з банкаўскай і фінансавай сістэм Рэспублікі Беларусь, што таксама вельмі важна для правядзення разлікаў з партнёрамі па ўсім свеце”.

Дыялог з ЗША, паводле слоў Рыжанкова, “характарызуецца шчырай сімпатыяй лідараў дзвюх краін”, гэты перамоўны працэс “не можа застацца незаўважаным еўрапейскімі дзяржавамі”.

“Але хачу сказаць, што сёння адносіны з Еўрапейскім саюзам з-за ўведзеных супраць нас у свой час абмежаванняў ужо не носяць для нас якога-небудзь крытычнага характару. Мы перанакіравалі наш гандаль і знешнепалітычныя намаганні ў іншыя рэгіёны і вельмі паспяхова далі гэтаму рады. Таму на дадзены момант пытанне зняцця еўрапейскіх санкцый не стаіць для нас так востра, хоць мы, вядома, хацелі б нармальных узаемаадносін з Еўрапейскім саюзам і адмены санкцый, паколькі лічым іх абсалютна незаконнымі, яны супярэчаць як духу, так і літары Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, — заявіў міністр.

Улічваючы “супрацьпраўны характар гэтых мер”, Мінск не толькі заклікае да іх скасавання, але і падымае гэтае пытанне на “розных міжнародных прававых пляцоўках”, сказаў Рыжанкоў.

Вызваленне палітвязняў у Беларусі ажыццяўляецца сярод іншага ў выніку перамоваў прадстаўнікоў ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам.

Раней паведамлялася пра пяць публічных сустрэч спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла з Лукашэнкам у Мінску, пасля якіх на волю выйшла агулам 464 чалавекі (21 чэрвеня 2025 года — 14, 11 верасня — 52, 12–13 снежня — 123, 19 сакавіка 2026 года — 250, 15–16 верасня — 25). У рамках перамоўнага працэсу ЗША саслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.

Пры гэтым палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Візіт Рыжанкова ў Індыі праходзіў 15–18 лістапада.

Падзяліцца: