Мінск 14:15

Рэальны заробак знізіўся ва ўсіх рэгіёнах і сталіцы — даныя Белстата

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

19 лістапада, Позірк. Рэальны заробак у верасні 2026 года ў параўнанні са жніўнем знізіўся на 1,7%, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Адмоўная дынаміка адзначаная ва ўсіх рэгіёнах і сталіцы: у Мінску — на 0,8%, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях — на 1,9% у кожнай, Гомельскай — на 2%, Магілёўскай — на 2,1%, Мінскай — на 2,3%, Віцебскай — на 2,4%.

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў верасні 2026 года склаў 3.099,3 рубля — на 36,6 рубля менш (-1,17%), чым у жніўні (3.135,9), паказаў праведзены раней “Позіркам” аналіз даных Белстата.

У студзені ён складаў 2.757,1 рубля, лютым — 2.743, сакавіку — 2.975,8, красавіку — 2.952,9, траўні — 3.003,5, чэрвені — 3.104,1, ліпені — 3.172.

Паводле ўзроўню намінальнага заробку традыцыйна лідыруе Мінск — 4.021 рубель (у жніўні — 4.032,7; -0,29%). У Мінскай вобласці ён склаў 3.214 рублёў (3.274,1; -1,84%), Брэсцкай — 2.760 (2.800,5; -1,45%), Гродзенскай — 2.782,2 (2.821,6; -1,4%), Гомельскай — 2.732,7 (2.773,6; -1,47%), Віцебскай — 2.618,6 (2.668,5; -1,87%), Магілёўскай — 2.612,4 (2.655,8; -1,63%).

Згодна з афіцыйнымі данымі, прадукцыйнасць працы, якая вымяраецца праз ВУП (ВРП), у студзені — жніўні 2026 года вырасла на 1,5% у гадавым вымярэнні (за сем месяцаў гэты паказчык складаў +1,7%).

У рэгіянальным разрэзе сітуацыя наступная: у Мінскай вобласці зафіксаваны рост на 2,9%, Брэсцкай — на 2,8%, Гомельскай — на 1,9%, Магілёўскай — на 1,6%, Гродзенскай — на 1,2%, Віцебскай — на 1%; у Мінску — зніжэнне на 0,8%.

У верасні 2026 года ў беларускай эканоміцы было занята 4 млн 180,5 тыс. чалавек — на 10,9 тыс. менш, чым у жніўні (4 млн 191,4 тыс.; -0,3%).

Падзяліцца: