Мінск 12:21

Лукашэнка заклікаў суддзяў рыхтавацца да ваеннага часу

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

19 лістапада, Позірк. Гатоўнасці дзейнічаць ва ўмовах ваеннага часу запатрабаваў ад беларускіх суддзяў Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада на нарадзе з судзейскім корпусам.

“Уся краіна сёння тэстуе і наладжвае алгарытмы ваеннага часу, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Навучаем і правяраем вайскоўцаў, сілавікоў, тэрытарыяльную абарону, апалчэнне. Яшчэ раз паўтаруся, ніхто не хоча вайны, але мы абавязаныя быць гатовымі да любога развіцця падзей. Нас да гэтага вымушаюць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, суды “не павінны заставацца ўбаку” ад гэтай працы. Ён пацікавіўся, як судовая сістэма ацэньвае сваю гатоўнасць “дзейнічаць у асаблівы перыяд”, і канстатаваў слабы прагрэс у гэтым плане.

“Гэта не рытарычныя пытанні. Сёння ў гэтым кірунку пакуль вашых дзеянняў няшмат”, — сказаў ён.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра падрыхтоўку Беларусі да магчымай вайны, тлумачачы гэта неабходнасцю абароны краіны ад знешніх пагроз.

13 кастрычніка на нарадзе з сілавікамі ён заявіў: “Мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць”. Пры гэтым Лукашэнка патлумачыў частыя праверкі Узброеных сіл вайсковай актыўнасцю заходніх суседзяў.

Вайсковая падрыхтоўка ў Беларусі ў 2026 годзе набыла практычна бесперапынны характар. Паводле падлікаў “Позірку”, ад пачатку года да восені прайшло каля двух дзясяткаў буйных мерапрыемстваў, звязаных з вучэннямі, зборамі тэрытарыяльнай абароны і праверкамі баявой гатоўнасці. Да сярэдзіны лета на розныя зборы прызвалі больш за 9.400 вайсковаабавязаных з запасу. У траўні Беларусь сумесна з Расіяй таксама правяла трэніроўку па кіраванні стратэгічнымі і тактычнымі ядзернымі сіламі.

У 2026 годзе прайшло не менш за сем буйных камандна-штабных вучэнняў: з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання (19–25 сакавіка), органаў тылавога забеспячэння УС (26–28 траўня), МУС у Брэсце (26 сакавіка), Віцебску (24 красавіка), Магілёве (27 траўня), Гродзенскай вобласці (29–30 ліпеня), УУС Мінскага аблвыканкама (26 жніўня). Падчас вучэнняў з удзелам МУС сярод іншага адпрацоўваюцца “пратэставыя” сцэнарыі: сілавікі “разганяюць” мітынгі і “спыняюць” масавыя беспарадкі з улікам досведу 2020 года. Пры гэтым у Віцебску трэніраваліся нейтралізоўваць журналістаў.

Падзяліцца: