Мінск 10:02

За восеньскі прызыў 2026 года на тэрміновую службу ў войскі плануецца накіраваць каля 10 тыс. чалавек

Архіўнае фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

22 кастрычніка, Позірк. Планавая адпраўка грамадзян, прызваных на тэрміновую службу, у злучэнні і вайсковыя часці Узброеных сіл распачалася 22 кастрычніка, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, агулам у верасні — лістападзе ва УС, іншыя войскі ды вайсковыя фарміраванні плануецца накіраваць каля 10 тыс. чалавек.

У першы дзень у войскі будзе накіравана каля 1 тыс. прызыўнікоў — у сілы спецыяльных аперацый, Мінскую вайсковую камендатуру, 361-ю асобную базу аховы і абслугоўвання ў Мінску, 72-і аб’яднаны навучальны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Мінская вобласць).

У гэты ж перыяд на службу ў рэзерве плануецца прызваць каля 600 чалавек.

Летась за восеньскі прызыў у войскі таксама было накіравана каля 10 тыс. навабранцаў.

У 2026 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве” 22 ліпеня. У 2025-м аналагічны ўказ аб восеньскім прызыве быў падпісаны 8 жніўня, у 2024-м — 7 жніўня, у 2023-м — 27 ліпеня, у 2022-м — 4 ліпеня, у 2021-м — 20 ліпеня, у 2020-м — 3 жніўня, у 2019-м — 22 ліпеня.

У Беларусі штогод праходзяць два прызывы — восеньскі і вясновы, для кожнага падпісваюцца асобныя ўказы.

На пачатку 2023 года былі зніжаныя патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання вайсковай службы. У прыватнасці, верхняя мяжа масы цела, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, падвышаная з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы памежнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і вайсковыя часці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м² (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6–8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных злучэннях.

За ўхіленне ад службы прадугледжаная адказнасць паводле арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу).

Паводле даных Вярхоўнага суда, колькасць грамадзян, якіх прыцягваюць паводле гэтага артыкула, змяншаецца. У 2016 годзе паводле арт. 435 КК было асуджана 676 асоб, у 2023-м — 266.

Падзяліцца: