Мінск 10:15

Урад на два гады захаваў магчымасць праводзіць без тэндара дзяржзакупкі ўгнаенняў у асноўных вытворцаў

Калійныя ўгнаенні
Ілюстрацыйнае фота: clearerimages.com

22 кастрычніка, Позірк. Магчымасць праводзіць з адной крыніцы дзяржаўныя закупкі тавараў і паслуг, неабходных для палявых работ, захаваная на 2027–2028 гады пастановай Савета міністраў № 530 ад 21 кастрычніка.

Праведзены “Позіркам” аналіз гэтага дакумента і яго папярэдніка паказаў, што, як і ў 2025–2026 гадах, пры дзяржзакупках дазваляецца набываць без тэндара азотныя ўгнаенні — у прадпрыемства “Гродна Азот”; фосфарныя і комплексныя ўгнаенні — у Гомельскага хімічнага завода; калійныя і комплексныя ўгнаенні, нітрат калію — у “Беларуськалія” і ТАА “Кампанія БКМ”; вапняковую (даламітавую) муку — у прадпрыемства “Даламіт”.

Як і ў папярэднія гады, распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па вапнаванні кіслых глебаў сельскагаспадарчых зямель, а таксама кантроль за яе выкарыстаннем можна замаўляць без правядзення тэндара ў шасці суб’ектаў — прадпрыемстваў “Гомельская ОПИСХ”, “Віцебская ОПИСХ”, “Брэсцкая ОПИСХ”, “Аграхімпраект”, “Гроднааблаграхімізацыя”, “Магілёўаблаграхімізацыя”.

Разам з тым на наступныя два гады пашыраецца пералік функцый, якія можна на іх ускладаць. У прыватнасці, без тэндара ў іх можна будзе таксама замаўляць глебава-аграхімічнае абследаванне сельскагаспадарчых зямель і аграхімічнае абслугоўванне.

У параўнанні з 2025–2026 гадамі на наступны двухгадовы перыяд скарачаецца пералік арганізацый, якія ў рамках дзяржзакупак можна без тэндара прыцягваць да ўнясення вапнавых матэрыялаў і мінеральных угнаенняў (работы, паслугі па іх перапрацоўцы, перавозцы, пагрузцы, выгрузцы, захоўванні ды ўнясенні ў глебу) — са 102 да 89.

Найбольшыя змены адбыліся ў Магілёўскай вобласці, дзе спіс такіх прадпрыемстваў зменшыўся з 18 да 4. У Віцебскай вобласці ён скараціўся з 13 да 12; у Мінскай — павялічыўся з 20 да 21, Гомельскай — з 18 да 19; у Брэсцкай і Гродзенскай — застаўся без змен (16 і 17 адпаведна).

Падзяліцца: