Мінск 20:45

У Гомельскай вобласці ў гаспадарчае выкарыстанне вернута 374 гектары зямель, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС

21 кастрычніка, Позірк. Пра выключэнне зямельных участкаў у пяці раёнах Гомельскай вобласці з пераліку радыяцыйна небяспечных паведаміў 21 кастрычніка ўрад.

Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

Гаворка пра ўчасткі зямлі ў Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Мазырскім і Чачэрскім раёнах. Іх агульная плошча складае каля 374 гектараў. Адзначаецца, што гэтыя землі пераводзяцца ў гаспадарчае выкарыстанне “з забеспячэннем радыяцыйнага кантролю атрыманай прадукцыі”.

Пастанова ўступае ў сілу з дня прыняцця.

У красавіку рашэннем урада ў Гомельскай вобласці больш за 1,3 тыс. гектараў зямель, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, было вернута ў поўнае або частковае выкарыстанне.

3 жніўня пастановай Савета міністраў быў скарочаны пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання. Са спісу былі выключаныя ў тым ліку Гомель (насельніцтва — каля 500 тыс. чалавек), Лунінец (Брэсцкая вобласць, 23,4 тыс.), Лельчыцы (Гомельская вобласць, 12,2 тыс.), Іўе (Гродзенская вобласць, 6,8 тыс.). Пастанова ўступіць у сілу 1 студзеня 2027 года.

У красавіку 2026 года намеснік начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Леанід Дзедуль заяўляў, што ў 1986 годзе ў Беларусі было заражана радыенуклідамі больш за 3.500 населеных пунктаў з насельніцтвам 2,2 млн чалавек, на 1 студзеня 2026-га — 2.013 і 922 тыс. адпаведна.

Годам раней Лукашэнка, азнаёміўшыся з адпаведнай статыстыкай, задаўся пытаннем на профільнай нарадзе: “Чым жа мы тады займаліся 30 гадоў, калі ў нас 900 тыс. пражываюць на забруджаных тэрыторыях?”

“Крыўдзіць людзей не трэба. На забруджанай тэрыторыі ў нас ніхто жыць не павінен. Трэба навесці парадак. Каб мы ведалі, што вось гэтыя землі — мы пакуль не ведаем, можна там жыць ці не, лепш паберагчы сябе і людзей паберагчы. Пакуль нельга — абыдземся. Будзем рабіць гэта ціхенька, крок за крокам, асвойваючы тыя ці іншыя землі. Але толькі калі мы будзем упэўненыя, што гэта нармальна”, — сказаў ён.

У красавіку 2026 года Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся пра неабходнасць вяртання ў сельгасабарот чарнобыльскіх зямель.

23 красавіка Дзедуль паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску, што пасля аварыі на ЧАЭС з катэгорыі забруджаных зямель выведзена больш за 20 тыс. гектараў, гэта адбылося дзякуючы “дасягненням навукі”.

Падзяліцца: