Мінск 20:09

У Шчучыне таксіст прысабечыў забытую пасажырам сумку з грашыма

21 кастрычніка, Позірк. У Шчучыне (Гродзенская вобласць) распачатая крымінальная справа супраць 25-гадовага таксіста, які прысабечыў грошы з забытай жанчынай-пасажырам сумкі, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Злачынства было здзейсненае ў сярэдзіне кастрычніка. Жанчына вярталася позна ўвечары дадому на таксі і забыла ў салоне сумку. Наступнай раніцай яе знайшоў іншы пасажыр і перадаў кіроўцу.

Таксіст забраў з сумкі кашалёк, у якім было каля 5,5 тыс. рублёў у эквіваленце, а саму сумку выкінуў. Агульная сума шкоды перавысіла 7,5 тыс. рублёў.

Калі жанчына звярнулася ў дыспетчарскую службу, кіроўца паспрабаваў схаваць крадзеж: прывёз пацярпелай іншую сумку, выдаўшы за знойдзеную ў аўтамабілі. Аднак яна ў выніку звярнулася ў міліцыю, адзначае УУС.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Шчучынскага РАУС высветлілі абставіны здарэння і затрымалі падазраванага. Выдаткаваць грошы ён не паспеў — іх цяпер збіраюцца вярнуць уладальніцы.

Крымінальная справа заведзеная паводле ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж), які прадугледжвае грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

20 кастрычніка “Позірк” паведамляў, што падлетак з Ліды падазраецца ў крадзяжы грошай у бацькоў свайго сябра. Паводле версіі следства, з ліпеня да сярэдзіны кастрычніка ён часткамі забіраў грошы і траціў іх, у тым ліку на камп’ютарную і мотатэхніку. Раней падлетак неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за крадзяжы.

У кастрычніку 2026 года пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу трох мужчын, якія абвінавачваюцца ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры, учыненым групай асоб. Аднаму з фігурантаў таксама інкрымінуецца рэцыдыў.

Падзяліцца: